Замежнікаў, затрыманых у Магілёве, чакае дэпартацыя?
18 верасьня ў Магілёве пад час правядзеньня семінару супрацоўнікі міліцыі супольна з прадстаўнікамі дэпартамента па па грамадзянстве і міграцыі затрымалі некалькі замежных грамадзян. Гэта прадстаўнікі міжнароднай моладзевай ліберальнай арганізацыі з Аўстрыі, Германіі, Нідэрландаў, ЗША. Семінар быў прысвечаны выбарам.
Пазней стала вядома, што Ленінскім аддзелам па грамадзянстве і міграцыі Магілёва распачаты адміністрацыйны працэс супраць шасьцярых замежнікаў, якія прыбылі ў Беларусь на запрашэньне жыхара абласнога цэнтра, актывіста няўрадавай арганізацыі «Грамадзянскі форум» Юрыя Стукалава. Паводле спадара Стукалава сёньня замежнікам пагражае штраф альбо дэпартацыя. Пра гэта паведамляе Радыё “Свабода”.
Замежнікаў затрымалі ў тэхнапарку «Магілёў» на сустрэчы з актывістамі няўрадавых арганізацый. Паводле Юрыя Стукалава, у іхных візах у якасьці мэты візыту ў Беларусь пазначаны турызм.