Магілёўскага актывіста БХД Алега Аксёнава паставілі на ўлік у КДБ
22 кастрычніка супрацоўнік КДБ патэлефанаваў актывісту БХД Алегу Аксёнаву на мабільны тэлефон і прапанаваў сустрэцца. Сказаў, што калі патрэбна позва, то можна яе зараз падвезці ў любое месца.
Алег Аксёнаў пагадзіўся сустрэцца і ўжо праз некалькі гадзін быў у будынку магілёўскай абласной управы КДБ.
Размову з ім вёў старэйшы следчы КДБ Андрэй Алегавіч Махуноў. Ён праінфармаваў актывіста, што яго ставяць на прафілактычны ўлік за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі – партыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (БХД).
“Я спрабаваў давесці да ведама спадара Махунова, што праца вялася ад імя аргкамітэта па стварэнні партыі БХД, аднак ён не прыняў маё тлумачэнне да ўвагі. Напрыканцы размовы мне было прапанавана азнаёміцца з паперай, у якой было напісана, што мяне ставяць на прафілактычны ўлік. Падпісваў гэты дакумент старшыня магілёўскай абласной управы КДБ Ігар Сяргеенка ад 11.10.2012 года”, - гаворыць Алег Аксёнаў.
Актывіст адзначае, што падпісваць яму ніякія дакументы не давалі.
Алег Аксёнаў збіраецца абскарджваць пастаноўку на прафілактычны ўлік у КДБ. З гэтай нагоды ён рыхтуе скаргу на імя начальніка УКДБ па Магілёўскай вобласці.
Трэба адзначыць, што ў Магілёве на прафуліку КДБ знаходзіцца лідэр магілёўскай абласной партыі БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёў і актывістка аргкамітэта па стварэнню БХД Тацяна Шамбалава.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што дадзеная мера можа абмяжоўваць выезд за межы краіны і прыводзіць за спрашчэння аператыўна-вышуковых дзеянняў – супрацоўнікі КДБ без санкцый пракурора могуць праслухоўваць тэлефонныя размовы, сачыць за актывістамі, выклікаць іх на размовы.