У Віцебску збіралі подпісы за паляпшэнне аўтобуснага руху
Віцебскі аўтапарк адчувае востры дэфіцыт кіроўцаў, бо многія звольніліся з транспартага прадпрыемства і знайшлі лепшую працу.
Актывісты стваранай партыі БХД звярнуліся да гарадскіх уладаў, каб неяк вырашыць праблему, і каб людзям не даводзілася гадзінамі чакаць транспарт на прыпынках.
Каардынатарка віцебскага аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Тацяна Севярынец і яшчэ адна актывістка літаральна за гадзіну сабралі 52 подпісы жыхароў мікрараёнаў Білева-1 і Білева-2. Гэта самыя новыя мікрараёны абласнога цэнтру, і дабрацца сюды можна выключна на аўтобусе – іншы транспарт тут не ходзіць. Але інтэрвалы паміж рэйсамі задужа вялікія, і пасажырам, настаяўшыся на прыпынку, даводзіцца потым ехаць у перапоўненым транспарце.
22 кастрычніка подпісы былі накіраваныя ў Віцебскі гарвыканкам. Актывісты БХД лічаць, што неабходна бараніць права на годнае жыццё, і што менавіта ўлады мусяць зрабіць пэўныя захады, каб выправіць сітуацыю: верагодна, найперш падняць заробкі кіроўцам, каб у іх з’явіўся стымул стала працаваць на адным месцы.