Зміцер Дашкевіч сустрэўся з адвакатам
Палітвязень, старшыня "Маладога Фронту" Зміцер Дашкевіч сустрэўся са сваім адвакатам ў Гродзенскай турме № 1. У гэтай установе ён знаходзіцца з 7-га лістапада. Як паведаміла намесніца старшыні «Маладога Фронту» і нявеста Дашкевіча Наста Палажанка, Зміцер распавёў падрабязнасці свайго этапавання з Мазыра ў Гродна.
«Дашкевіча адправілі на этап толькі 4-га лістапада. Суткі правёў у Магілёўскай турме, яшчэ суткі - у Баранавіцкай. З раніцы 7-га лістапада прыбыў у Гродзенскую турму № 1. Суткі правёў у карантыне, пасля чаго быў пераведзены ў камеру ў новы корпус турмы, які зняволеныя клічуць «амерыканкай», распавяла Настасся. Яна таксама адзначыла, што, са слоў Дзмітрыя, у корпусе «Амерыканкі» (у параўнанні са старым корпусам турмы - «бастыёнам») больш строгі кантроль з боку адміністрацыі, але пры гэтым не так востра стаіць пытанне спальных месцаў на колькасць зняволеных.
Пакуль умовы ў Гродзенскай турме не прынцыпова адрозніваюцца ад умоў ў памяшканнях камернага тыпу Глыбоцкай і Мазырскай калоній, дзе раней утрымліваўся Дашкевіч. Па словах Палажанкі, Зміцер адчувае сябе бадзёра, ні на што пакуль не скардзіцца.