Міколу Статкевіча наведалі святар і адвакат
Кандыдата ў прэзідэнты на мінулых выбарах, палітвязня Міколу Статкевіча наведаў адвакат. Як распавяла жонка палітыка, Марына Адамовіч, яго перавялі ў іншую камеру, з лепшымі ўмовамі, а раней яго наведаў праваслаўны святар.
- Пацвердзілася тое, пра што ён напісаў мне ў лісце, яго перавялі ў іншую камеру з драўлянай падлогай і ў ёй нават не цячэ са столі. І тое, што яго наведаў святар, пацвердзілася цалкам. І што для мяне было дастаткова прыемным, пра што Мікола паведаміў, што істотна палепшылася якасць хлеба. Раней яго ўвогуле немагчыма было есці.
Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення за падзеі 19-га снежня. Беларуская апазіцыя, улады Еўразвязу і ЗША патрабуюць неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі палітвязня Міколы Статкевіча.