Пра беларускіх палітвязьняў зноў гавораць у Брусэлі
Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Ліцьвіна знаходзяцца зь візытам у Брусэлі.
Яны плянуюць правесьці шэраг
сустрэч, у тым ліку з прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту Марцінам
Шульцам і эўракамісарам Штэфанам Фюле.
Візыт арганізаваны Міжнароднай фэдэрацыяй правоў чалавека. Яе прадстаўніца
Аляксандра
Кулаева распавяла карэспандэнту «Свабоды», што праграма вельмі
насычаная. Ужо сёньня пачаліся сустрэчы — як з прадстаўнікамі
Эўрапарлямэнту, так і з прадстаўнікамі Эўрапейскай камісіі, якія
займаюцца беларускай праблематыкай:
«Мы, са свайго боку, хацелі ўзьняць пытаньні, якія застаюцца балючымі.
Такія, як становішча палітычных зьняволеных, умовы зьняволеньня якіх
па-ранейшаму вельмі жорсткія, для некаторых нават пагаршаюцца. Запатрабаваць,
як і раней, неадкладнага іх вызваленьня. І таксама ўзьняць
пытаньне пра сытуацыю зь перасьледам журналістаў, справу Андрэя
Пачобута і іншых. І абмеркаваць з эўрапейскімі
калегамі, якія могуць быць далейшыя крокі і супрацоўніцтва. Цікавасьць
да сустрэчаў вялікая. І мы спадзяемся, што гэтыя сустрэчы будуць
карысныя ня толькі нам, але і тым дыпляматам, зь якімі
мы тут сустракаемся».
Візыт працягнецца некалькі дзён. Прадстаўнікі Беларусі возьмуць удзел
у міжнародным форуме няўрадавых арганізацыяў розных краін, які арганізуе
Эўразьвяз. Паводле Аляксандры Кулаевай, падчас сустрэчаў будзе ўздымацца
і пытаньне вызваленьня Алеся Бяляцкага:
«Безумоўна, становішча
палітвязьняў — адна з галоўных тэмаў нашых дыскусіяў. І тых, хто
ўжо ў зьняволеньні — умовы іх зьняволеньня, пераводу
з аднаго рэжыму ўтрыманьня на другі — і тых, хто пад
непасрэднай пагрозай палітычнага перасьледу. Безумоўна, усе гэтыя тэмы
мы ўздымаем на самым высокім узроўні».
У эўрапейскіх палітыкаў ёсьць цікавасьць да праблемаў, якія ўздымаюць
беларускія праваабаронцы, адзначыў Валянцін Стэфановіч:
«Але складана сказаць пра магчымасьці вырашэньня ўсіх гэтых складаных праблемаў. Бо праваабаронцы — не дыпляматы, мы ня можам сказаць, што і як рабіць. Але мы падкрэсьліваем, што для нас гэта прынцыповае пытаньне. Перадумова для нейкіх іншых рухаў ЭЗ у стасунках зь Беларусьсю — гэта пытаньне палітвязьняў. Наша мэта — данесьці апошнюю інфармацыю адносна сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і найперш пра сытуацыю з палітвязьнямі. Бо гэта прыярытэтна для беларускіх праваабарончых арганізацыяў. Наша задача — данесьці гэтую інфармацыю да структураў ЭЗ і адзначыць, што для нас гэта прынцыповае пытаньне — вызваленьне палітвязьняў».