“Вясна” заклікае адзначыць Дзень правоў чалавека акцыямі салідарнасці з палітвязнямі
10 снежня ўвесь свет будзе адзначаць чарговыя ўгодкі прыняцця Генеральнай Асамблеяй ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. З 10 снежня 1950 г. гэты дзень адзначаецца як Дзень правоў чалавека.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” канстатуе, што сітуацыя з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі застаецца стабільна кепскай. У турмах краіны працягваюць знаходзіцца палітычныя вязні – праваабаронцы, прадстаўнікі палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.
Улады краіны абмяжоўваюць магчымасць рэалізацыі грамадзянамі краіны асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў і свабод – свабоды мірных сходаў, асацыяцый, выказвання меркавання, удзелу ў кіраванні краінай шляхам удзелу ў свабодных, дэмакратычных і справядлівых выбарах і інш. Сродкі масавай інфармацыі манапалізаваныя дзяржавай, а незалежныя СМІ і журналісты знаходзяцца пад пастаянным ціскам і пагрозай пераследу. Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе і былым СССР, якая працягвае ўжываць смяротнае пакаранне ў дачыненні да сваіх грамадзянаў.
Улады Беларусі адкрыта дэманструюць пагарду да міжнародных абавязацельстваў у галіне абароны правоў чалавека, добраахвотна ўзятых дзяржавай у межах ААН і АБСЕ.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” звяртаецца да прадстаўнікоў праваабарончай і ўсёй дэмакратычнай супольнасці краіны з заклікам адзначыць Дзень правоў чалавека шляхам правядзення акцый салідарнасці з палітычнымі вязнямі, а таксама акцыямі, скіраванымі на інфармаванне беларускай грамадскасці аб рэальным становішчы з правамі чалавека ў краіне.