Ілона Ткачова паскардзілася начальніку мытні на незаконную канфіскацыю ноўтбуку
Сябра партыі “Справядлівы свет” са Жлобіна Ілона Ткачова напісала скаргу на імя начальніка пункта пропуску «Новая Гута» за незаконнае затрыманне яе сем’і на мяжы і канфіскацыю ноўтбука і фотаапарата.
Нагадаем, учора актывістка вярталася разам з мужам і 10-гадовым дзіцём дамоў. На ўкраінска-беларускай мяжы машыну Ткачовай дагледзелі мытнікі і канфіскавалі ноўтбук.
“Мы прастаялі амаль з абеду, і адпусцілі нас толькі тады, калі на вуліцы стала цёмна, – распавядае спадарыня Ілона. – Сказаць па праўдзе, мы не чакалі, што адбудзецца такая сітуацыя. У Кіеве мы выходзілі са свайго кампутара на працоўны сервер, таму, я думаю, нас адсочвалі. Ноўтбук быў схаваны, і ўбачыць яго адразу было немагчыма, але супрацоўнікі мытні адразу запатрабавалі аддаць ім наш кампутар, то бок яны ведалі, што ён з намі”.
Ілона Ткачова кажа, што за гэты працяглы час, які прыйшлося стаяць на мяжы, мытнікі нават не прапанавалі гарбаты ці кавы, нават улічваючы тое, што ў машыне знаходзілася малое дзіця. Пры гэтым мытнікі не хавалі, што загад на асабісты дагляд прыйшоў ім “зверху”. “Вы ж усё разумееце”, – патлумачылі супрацоўнікі “Новай Гуты”.
“Уявіце сабе, як нам прыйшлося стаяць на марозе пасле трыдцаціградуснай спякоты (сям’я актывісткі вярталася з адпачынку з Егіпта) увесь гэты час”, – кажа Ткачова.
Пасля дагляду машыны сям’ю Ткачовай прапусцілі а 22 гадзіне ў Беларусь.