У Шклове былых зняволеных прымусілі прыбіраць парк
Напрыканцы лістапада ў Шклоўскім раённым аддзеле ўнутраных спраў у межах акцыі “Крок насустрач”, накіраванай на сацыялізацыю раней судзімых жыхароў раёна, прайшоў “Кірмаш вакансій”. У мерапрыемстве прынялі начальнік РАУС Аляксандр Піменаў, пракурор Шклоўскага раёна Дзмітрый Лянчэўскі, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Яроміч, а таксама жыхары Шклоўскага раёна, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі.
Падчас сустрэчы міліцэйскія і райвыканкамаўскія чыноўнікі распавялі пра маючыеся ў раёне працоўныя вакансіі, пасля для ўсіх прысутных на мерапрыемстве быў прадэманстраваны фільм “Свет у канцы тунэля”.
Ну а пасля завяршэння параднай часткі мерапрыемства ўсіх раней судзімых асоб, якія прысутнічалі на сустрэчы, адправілі на “дабрачынныя” работы – прыбіраць тэрыторыю гарадскога парку. Зразумела, што згоды на ўдзел у “дабрачынных” работах ніхто ў былых зняволеных не пытаўся. Яны проста былі пастаўлены перад фактам.
Як паведамляе раённая газета “Ударны фронт”, падобныя акцыі ў раённым аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама праводзяцца штомесячна, райаддзелам прынятае рашэнне працягнуць працу ў дадзеным накірунку і ў будучым 2013 годзе.
На сённяшні дзень колькасць непрацуючых былых зняволеных у Шклоўскім раёне складае 39 чалавек, у гэтым годзе было працаўладкавана 22 чалавекі. Усяго на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Шклоўскага РАУС знаходзіцца 361 грамадзян, маючых судзімасць, а таксама асуджаных да пакаранняў, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства.