"Арт-сядзібу" закрылі ў трэці раз
На 6 і 7 снежня было запланавага адкрыццё сядзібы ў новым памяшканні. Арганізатары абяцалі імпрэзы з удзелам музыкаў і пісьменнікаў. Але напярэдадні уласнік будынка па адрасе завулак Масквіна, 4 заявіў, што хоча тэрмінова скасаваць дамову.
Дамова будзе скасавана ўжо 10 снежня. Памяшканне належыць ААТ «Сукно», але «Арт-Сядзіба» здымала яго ў субарэнду ў ААТ «РэфОйлПрадукт». Дырэктар сядзібы Павел Белавусаў кажа, што на арэндадаўцу націснулі ў Мінгарыканкаме, у ідэалагічным упраўленні.
“Праз іх ужо адміністрацыя Цэнтральнага раёну Мінску накіроўвала на праверку будынка пажарнікаў і санстанцыю, якія прыязжалі ўжо з гатовымі рашэннямі”.
Для арганізатараў культурніцкіх імпрэзаў знайсці памяшканне няпроста. Гэта ўжо трэці выпадак, калі з імі разрываюць дамову. Папярэдне сядзіба займала памяшканні завода “Гарызонт” і на Пушкіна, 28а.
Калі сядзібу высялялі з “Гарызонта”, быў арганізаваны збор подпісаў у абарону культурнай пляцоўкі, аднак на рашэнне ўласнікаў гэта не паўплывала.
Па словах Паўла Белавусава, ён звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб яму патлумачылі, чаму адбываецца такая сітуацыя. І таксама будзе спрабаваць патрапіць на прыём у Мінгарвыканам.