Падрыхтаваны агляд "Становішча праваабаронцаў у Рэспубліцы Беларусь у перыяд з 19 кастрычніка па 19 лістапада 2012 года"
Сярод найбольш значных парушэнняў Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі называе ціск падатковых органаў, адміністрацыйны пераслед, ліквідацыю праваабарончай арганізацыі «Платформа» і канфіскацыю офіса ПЦ "Вясна".
Місія лічыць адсочванне становішча праваабаронцаў адной з сваіх прыярытэтных задач, бо спыненне або паслабленне працы менавіта праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый стварае ўмовы для далейшага ціску ўладаў на актывістаў, апазіцыйных палітыкаў, іншыя грамадзянскія арганізацыі і групы.
Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі - гэта кааліцыя больш за 50 няўрадавых арганізацый і груп з краін АБСЕ, створаная як адказ на пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека і становішчам праваабаронцаў пасля 19 снежня 2010 года.
Такім чынам, у перыяд з 19 кастрычніка па 19 лістапада 2012 місія вызначыла найбольш значныя факты парушэння правоў і магчымасцяў для дзейнасці праваабаронцаў. А менавіта - ціск на праваабаронцаў праз падатковыя прэтэнзіі (Алег Воўчак, Леанід Судаленка, Таццяна Равяка), ціск на праваабаронцаў праз адміністратыўны пераслед (Раман Кісляк - прымусовая дактыласкапія, Павел Левінаў - штраф за пераход дарогі ў неналежным месцы каля будынка Віцебскага КДБ, дзе напярэдадні адбыўся выбух), ліквідацыя праваабарончай арганізацыі «Платформа», адмова ва ўездзе праваабаронцам з іншых краін (Хезер МакГіл, прадстаўнік Міжнароднай Амністыі), пагаршэння ўмоў утрымання Алеся Бяляцкага - абмежаванне на перадачы, канфіскацыя офіса ПЦ "Вясна".
Больш падрабязна з аглядам можна азнаёміцца па спасылцы.