Салігорцам распавялі пра скрадзеныя 19 снежня 2010 году выбары
Напярэдадні 19 снежня ў Салігорску з’явіліся інфармацыйныя матэрыялы, прысвечаныя падзеям 19 снежня 2010 года і іх наступствам.
Большасць улётак належыць Аб’яднанай грамадзянскай партыі і заклікае грамадзянаў далучыцца да кампаніі “За сумленныя выбары без Лукашэнкі”. Мясцовыя актывісты партыі сваю датычнасць да распаўсюду друкаванай прадукцыі не каментуюць.
Нагадаем, у канцы лістапада салігорскія сябры партыі АГП Віктар Малочка і яго сын Аляксандр Малочка падалі заяўкі на правядзенне 19 снежня 2012 году ў гарадскім парку “Маладосць” пікету пад лозунгам “Скралі выбары, каб прадаць краіну”. Салігорскі райвыканкам, аднак, не даў дазволу на правядзенне гэтага мерапрыемства. Чыноўнікі палічылі, што пікет ў гэтым парку перашкаджае рэалізацыі “мераў па папярэджанні надзвычаных здарэнняў”, хоць падчас апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў менавіта парк "Маладосць" быў вызначаны ўладамі ў якасці месца для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў.