Былы намеснік Ладуцькі абвінавачвае спецслужбы
Ігар Васільеў заявіў пра ціск спецслужбаў і адмовіўся даваць паказанні.
Менскі абласны суд сёння пачаў разгляд крымінальнай справы па абвінавачванні былога намесніка старшыні Менгарвыканкама Ігара Васільева ў здзяйсненні злачынства па ч.3 арт.430 Крымінальнага кодэкса Беларусі (атрыманне хабару асобай, якая займае адказнае становішча, у асабліва буйным памеры), санкцыя якой прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Па версіі абвінавачвання, якая была агучаная ў судзе, Васільеў вымагаў 500 тысяч даляраў у чэшскага інвестара за спрыяльнае вырашэнне пытання аб пераскладанні інвестдамовы. Яго нібыта затрымалі ва ўласным кабінеце пры атрыманні часткі хабару - 250 тысяч даляраў.
На судзе Васільеў заявіў, што з абвінавачваннем у дадзенай фармулёўцы ён не згодны. Чыноўнік адмовіўся даваць паказанні да таго часу, пакуль суд не разгледзіць матэрыялы следства і не выслухае сведак.
Дзяржабвінаваўца прапанаваў пачаць судовае пасяджэнне з зачытвання тых паказанняў, якія Васільеў даў падчас следства.
З іх вынікае, што каля паўтары гадоў таму да яго звярнуліся прадстаўнікі чэшскай фірмы, якая была зацікаўленая ў будаўніцтве смеццеперапрацоўчага завода пад Менскам. Яны распавялі чыноўніку, што выкарыстоўваюць плазменную тэхналогію, якая з'яўляецца самым сучасным спосабам смеццеперапрацоўкі.
Васільеў тлумачыў падчас следства: «Сусветныя тарыфы на перапрацоўку адной тоны адходаў - 35 даляраў і вышэй. У Беларусі тарыф - 10 даляраў, таму замежныя інвестары не зацікаўленыя будаваць тут падобныя прадпрыемствы». А таму, на думку намесніка старшыні, у прапанове чэшскай фірмы горад быў зацікаўлены.
У 2011 годзе інвестдамова была падпісаная. Паводле яе ўмоў, кошт перапрацоўкі адной тоны ТБО на працягу першых трох гадоў павінен быў скласці 10 даляраў, далей - штогадовае павелічэнне на 25% да 35 даляраў. Будаваць планавалі ў Вялікім Трасцянцы пад Менскам.
Аднак з надыходам 2012 года будаўніцтва так і не пачалося. Менгарвыканкам меў права скасаваць дамову. З інвестарамі Васільеў некалькі разоў сустракаўся для перамоваў. Кіраўніцтва чэшскай фірмы пераконвала чыноўніка, што будаўніцтва неўзабаве пачнецца, і прапаноўвала перагледзець дамову. У адну з такіх сустрэч прадстаўнік чэшскай фірмы па прозвішчы Ананьеў паведаміў, што кіраўнікі фірмы з Чэхіі перадалі яму сувенір.
Васільеў пагадзіўся атрымаць сувенір і запрасіў Ананьева з'явіцца да яго ў кабінет 6 ліпеня. Па словах абвінавачанага, прадстаўнік чэхаў зайшоў да яго ў кабінет з чорным партфелем. «Ён спытаў, куды паставіць партфель. Я паказаў рукой на шафу». Адразу пасля візіту Ананьева ў кабінет да намесніка старшыні зайшлі некалькі мужчын, якія прадставіліся работнікамі КДБ. Яны правялі ператрус і знайшлі ў шафе партфель з 250 тысячамі даляраў унутры.
Чыноўнік быў затрыманы, пасля чаго ім была напісаная яўка з павіннай. У дакуменце ён прызнаецца ў атрыманні хабару дзеля вырашэння пытання аб інвестдамове на карысць інвестара. Таксама ён напісаў, што раскайваецца ў зробленым.
Аднак на судзе Васільеў растлумачыў, што яўка з павіннай была ім напісаная пад ціскам спецслужбаў. Яны нібыта сказалі яму, што адвакат будзе прадастаўлены толькі пасля напісання гэтага дакумента, і абяцалі, што ў выпадку напісання яўкі мера стрымання будзе больш лёгкай. Як аказалася, цяпер падпісаная папера гуляе толькі супраць абвінавачанага.
Васільеў не згодны з абвінавачваннем у вымагальніцтве хабару. Паводле яго слоў, гэтае пытанне ў гутарках з інвестарамі не ўздымалася, за выключэннем прапановы Ананьева падарыць «сувенір». Ён тлумачыў падчас следства, што здагадваўся пра тое, што ў пастаўленым яму ў шафу партфелі знаходзяцца грошы, але не ведаў аб памеры сумы.