viasna on patreon

Уладзімір Лемеш: «Пасля суда міліцыя мяне не адпускала»

2013 2013-01-16T12:22:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lemesh1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Лемеш.

Уладзімір Лемеш.

Аштрафаваны судом Першамайскага раёну горада Мінску актывіст грамадскай ініцыятывы “Еўрапейская Беларусь” салігорац Уладзімір Лемеш распавёў пра акалічнасці свайго затрымання.

Па словах маладзёна, увечары 14 студзеня ў яго было запланава некальки важных сустрэчаў, звязаных з тэматычнай выставай, прысвечанай лістам палітвязняў. Першая сустрэча мусіла адбыцца ў 16:00 на станцыі метро “Акадэмія навук”.

- У пераходзе да мяне падбеглі людзі ў цывільным, махнулі перад тварам “корачкамі” і пачалі штурхаць у бок. Маё патрабаванне прадставіцца і даць уважліва паглядзець іх дакументы, а таксама агучыць прычыну майго затрымання было праігнаравана, - кажа Уладзімір Лемеш. - Я пачаў зваць на дапамогу мінакоў. Прыбег нейкі супрацоўнік метро. Тады асобы ў цывільным паспакайнелі, паказалі гэтаму чалавеку свае дакументы, а мне сказалі, што ў пастарунку ўсё патулмачаць.

У маладзёна адабралі мабільны тэлефон і на сінім мікрааўтобусе завезлі ў Першамайскі РАУС. У пастарунку высветлілася, што асобамі ў цывільным былі супрацоўнікі спецназа міліцыі. Яны, нібыта, ажыцяўлялі аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, а затрыманы актывіст “Еўрапейскай Беларусі” быў надта падобны да нейкага злачынцы.

- У пастарунку, аднак, маё падабенства са злачынцам ніхто не спраўджваў. Абвінавацілі ў “размахванні рукамі” ды непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Рабілася ўсё надзвычай цынічна. Склалі ліпавы пратакол ды пасадзілі на ноч ў “стакан”. Камера два на два метры, без вокнаў з бетоннай лавай, - апісвае сваё знаходжанне ў Першамайскім РАУС Уладзімір Лемеш.

Раніцай хлопца адвезлі ў суд Першамайскага раёну. Паседжанне адбывалася ў невялікім кабінеце. У якасці сведкі быў запрошаны толькі спецназавец, які затрымліваў маладзёна напярэдадні.

- Суддзя прапанаваў мне прызанць віну, каб змякчыць пакаранне. Віны я не прызнаў, бо маё затрыманне было абсалютна незаконным і, відавочна, звязаным з маёй грамадска-палітычнай дзейнасцю.  У выніку атрымаў штраф памерам 3 мільёны рублёў, хоць міліцыянты перад судом “абяцалі” мне 15 сутак, - кажа актывіст “Еўрапейскай Беларусі”.

Па словах маладзёна, гэткі вырак стаўся для прысутных супрацоўнікаў міліцыі нечаканасцю. І хоць судовае паседжанне было скончана, міліцыянты яшчэ цягам 15 хвілін не выпускалі хлопца з будынка суда. Толькі пасля кансультацыяў з вышэйшым начальствам праваахоўнікі вызвалілі Уладзіміра Лемеша.

На абскарджванне рашэння суда маладзён мае дзесяць сутак, аднак пакуль ён канчаткова не вырашыў, ці варта губляць час, бо лічыць вынік загаддзя вядомым. Актывіст перакананы, што ў дадзеным выпадку суд не стане на яго бок.



Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства