Бяроза: паштоўкі ад палітвязняў
Бярозаўскія грамадскія актывісты атрымалі віншавальныя паштоўкі ад палітзняволеных Алеся Бяляцкага і Мікалая Аўтуховіча. Па словах Таццяны Аліхвер, радуе аптымізм вязняў:
- Адчуваю вялікі гонар, што маю стасункі з гэтымі людзьмі. А паштоўкі зберагаю для нашчадкаў. Бо прыйдзе час, і гэтыя людзі ўвойдуць у падручнікі гісторыі.
Як піша Алесь Бяляцкі другой актывістцы Тамары Шчапёткінай, бываюць моманты, калі на волі яшчэ цяжэй, чым у турме.
Бярозаўскія актывісты не толькі віншуюць і лістуюцца з палітвязнямі, яны наведваюць сістэматычна Паўла Севярынца, які адбывае трохгадовы тэрмін у спецкамендатуры ў 50-ці кіламетрах ад Бярозы. Актывісты робяць усё для таго, каб гараджане ведалі і не забывалі пра заганную з’яву Беларусі – наяўнасць палітвязняў.