Баранавічы: трэці год запар Статкевіч-старэйшы адзначыў свой дзень народзінаў без сына Мікалая
19 студзеня баранавіцкія праваабаронцы і грамадскія актывісты наведалі Статкевіча Віктара Паўлавіча – бацьку экс-кандыдата ў прэзідэнты, палітвязня Міколы Статкевіча, каб павіншаваць яго з 86-цігоддзем.
Статкевіч-старэйшы гасцінна сустрэў гасцей і быў вельмі ўзрадаваны гэтай сустрэчы. Па словах актывісткі АГП Анжалікі Камбалавай, Статкевіч-старэйшы трэці год запар адзначае свой дзень народзінаў без сына Мікалая і па-ранейшаму вельмі перажывае за яго, нягледзячы на тое, што цяпер адміністрацыя Магілёўскай турмы № 4 палепшыла Мікалаю Статкевічу рэжым утрымання. Статкевіч-старэйшы зачытаў гасцям віншавальныя паштоўкі ў свой адрас і лісты, якія атрымаў ад Мікалая напярэдадні і пасля Новага года і Калядаў. Гаварылі таксама пра лёс іншых палітзняволеных. Госці чыталі навагоднія адказы і віншаванні Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Алеся Бяляцкага, Мікалая Аўтуховіча, Зміцера Дашкевіча ў адрас баранавіцкіх аднадумцаў і сяброў.
Актывісты і паплечнікі Міколы Статкевіча выказалі яго бацьку словы падтрымкі і падзякавалі за тое, што ён выгадаваў сапраўды мужнага барацьбіта за свабоду беларусаў.
Кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах Мікалай Статкевіч асуджаны па артыкулу аб масавых беспарадках на 6 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.