viasna on patreon

“А будзе ў нас вольнасьць, якой не было...”. Да 150-ых угодкаў паўстаньня 1863 году

2013 2013-01-22T10:38:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/chilmanovic.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Уладзімір Хільмановіч

Праваабаронца Уладзімір Хільмановіч

Бягучы год у гістарычным календары адзначаны 150-мі ўгодкамі паўстаньня 1863 году. Год, які мог стаць часам належнага ўшанаваньня тых, хто аддаў жыцьцё за незалежнасьць нашай краіны. Дата якую будзе ігнараваць дзяржаўная ўлада, бо паўстаньне 1863 году ёй чужое з сваёй прыроды і сутнасьці. Тэма паўстаньня 1863 году непапулярная цягам астатніх гадоў. Зь ёй ня зробіш навуковай ступені, не здабудзеш дацэнтаўскай пасады. Ведамы выпадкі, калі студэнтам настойліва рэкамэндавалі ня лезьці ў сваіх дыплёмных працах у “неперспектыўную” тэматыку. Між тым, сярод “белых плямаў” айчыннае гісторыі паўстаньне 1863 году ледзь ня сама неасьветленае. Здаецца, нават пра наша сярэднявечча мы ведаем болей. Паўстаньне 1863 году ў сьведамасьці нават больш-менш зацікаўленых разглядаецца праз міталягічную прызму савецкай па часе і расейскай па сутнасьці гістарыяграфіі. Якія ж стэрэатыпы характэрныя для гэтай канцэпцыі разгляду паўстаньня?

Стэрэатып першы. Сутнасна-характарны. Паўстаньне 1863 году мела характар вылучна змаганьня з расейскім самаўладдзем. Паўстаньне 1863 году мела найперш характар нацыянальна-вызвольнага руху, змаганьня з расейскім імперыялізмам, а не палітычным рэжымам цара Аляксандра ІІ. Змаганьне супраць расейскага царызму ў 1863 годзе не было змаганьнем супраць манархічнага спосабу кіраваньня дзяржавай. У колах інсургентаў, асабліва ў стане “белых”, было дастаткова людзей, якія марылі пра адраджэньне Вялікага Княства Літоўскага ці Рэчы Паспалітай як канстытуцыйнай манархіі. Паўстаньне мела найперш нацыянальна-вызвольны, а пасьля ўжо эканамічна-сацыяльны характар. Згадаем знакамітае выслоўе Кастуся Каліноўскага: “...Народзе, ...тагды толька зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе” (Лісты з пад шыбеніцы). Ключавымі тут ёсьць словы “над табой”. Бо ня “з табой”, ня “на тваёй зямлі”, а менавіта “над табой”, іншымі словамі, калі беларускай зямлёй перастане кіраваць імпэрская дзяржава з Усходу.

Стэрэатып другі. Нацыянальны. Паўстаньне 1863 году мела вылучна польскі нацыянальны характар. Так ужо павялося (ведама, нездарма), што любому вызвольнаму руху на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай расейскай, а пасьля савецкай гістарыяграфіяй, адразу прышчэпліваўся ярлык “польскі мяцеж”. Украінцы, ці Беларусы пры гэтым “не заўважаліся”. Такія “навуковыя” працы пісаліся згодна дзяржаўнай дактрыны Масквы, паводле якой Беларусы і Украінцы мусілі як нацыі “слиться” зь вялікім расейскім народам. Пасьля паўстаньня 1830-31 гг., як заўважае Мітрафан Доўнар-Запольскі ў сваёй “Гісторыі Беларусі”,“урад (расейскі – аўт.) усё ж працягваў бачыць у насельніцтве краю толькі “палякаў”, пагарджаючы беларускім сялянствам і беларускай культурай. Таму ён ... выставіў дэвізам сваёй палітыкі асіміляцыю мясцовага краю нараўне з іншымі мясцовасцямі імперыі”.  Трэба заўважыць, што ліцьвінскі (беларускі) элемент мацнеў з кожным паўстаньнем (1794, 1830, 1863 гг.). Ускосным сьведчаньнем таму і польская гістарыяграфія. Навуковых працаў, прысьвечаных паўстаньню 1863 г. у ёй куды меней, чым, прыкладам, манаграфіяў на тэму паўстаньня 1794. Нічога дзіўнага тут няма. Пераважная частка баявых дзеяньняў была на тэрыторыі сучаснай Беларусі, а таксама на яе этнічных тэрыторыях. Называць палякам аднаго з галоўных ідэолягаў паўстаньня, Кастуся Каліноўскага проста недарэчна. У сваёй “Мужыцкай праўдзе” ён яскрава выступае супраць польскага панскага прыгнёту і палітычнай залежнасьці ад Польшчы. Падаю толькі адно яскравае выслоўе: “такой бесталковай галаве, як Варшава, ня можна даверыць долю Беларусі”. Па некаторых зьвестках (здаецца, іх першым раскапаў у архіве Алесь Чобат), Мураўёў-вешальнік прапаноўваў Каліноўскаму жыцьцё. За гэта ён мусіў назвацца палякам. У адрозьненьне ад Тадэвуша Касьцюшкі (які таксама пачуваўся ліцьвінам і дэкляраваў гэта), у Польшчы слушна ня лічаць Каліноўскага сваім нацыянальным героем. І гэта наўпрост адпрэчвае "польскасьць" Каліноўскага.

Стэрэатып трэці. Канфесійны. Ёсьць сьледствам папярэдняга. У паўстаньні брала ўдзел насельніцтва вылучна каталіцкага вызнаньня. Абсалютна прапагандысцкі штамп, які не адпавядае гістарычнай рэчаіснасьці і фактам. Праваслаўных удзельнікаў паўстаньня, асабліва на Магілёўшчыне, было даволі шмат. Прыкладам, з 56 студэнтаў і навучэнцаў, якіх цягам студзеня-сакавіка 1863 г. выключылі з Горы-Горацкіх земляробчага інстытуту і землямернай вучэльні за ўдзел у паўстаньні (гэтая моладзь ваявала пераважна ў атрадзе Людвіка Зьвяждоўскага), 27 чалавек былі праваслаўнага вызнаньня. Зразумела, што працэнт каталікоў –  удзельнікаў паўстаньня – быў большым (хоць, больш-менш прыблізных лічбаў назваць пакуль ня можа ніхто). Але тут патрэбна ўлічваць, прынамсі, два фактары. Па-першае % каталікоў-насельнікаў беларускіх земляў тады быў большым, чым ёсьць сёньня ў Беларусі. Па-другое, з удзельнікаў паўстаньня было шмат людзей, ня толькі рымска-каталіцкага вызнаньня, але і тых, хто паходзіў з грэцка-каталіцкіх сем’яў. Прыкладам, постаць Францішка Багушэвіча, бацька якога быў уніяцкім сьвятаром.

Паўстаньне ня мела антыправаслаўнага характару, як мяркуюць многія “дасьледнікі”. Перш усяго “антыправаслаўе паўстанцаў” атаясамляюць з асобай Кастуся Каліноўскага. Асабліва хваравіта гэты стэрэатып перажываецца сёньняшнімі беларусамі зь Беласточчыны, дзе мякка кажучы, ня вельмі шануецца постаць іх земляка Каліноўскага. На тое ёсьць свае прычыны. Праваслаўе ХХ-га стагоддзя на Беласточчыне дазволіла тамтэйшым беларусам захаваць нацыянальную тоеснасьць. Але гэта ўжо тэма асобнай гутаркі.

Каліноўскі запраўды быў зацятым апалягетам адраджэньня ўніяцтва. “...Ні адзін ужэ, можа, забыўся, што бацька яго быў яшчэ справядлівай уніяцкай веры і ніколі ўжэ не спомніць на тое, што перавярнулі яго на сызму (схізму – аўт.), на праваслаўе, што ён сягодня, як той сабака, жыве без веры...” (Мужыцкая праўда № 6). І далей, там жа, зьвяртаючыся да Бога: “выжані маскаля з нашага краю, дай нам праўдзівую вольнасьць і веру нашых дзядоў і прадзедаў, а касьцёлы, што маскаль, нячыста яго сіла, параскідаў альбо перарабіў на стайні і цэркві, зноў заясьнеюць тваёю хвалой...”. Каб зразумець Каліноўскага, трэба зазірнуць у кантэкст гістарычнай эпохі. Пасьля кароткай канфесійнай адлігі, якую Беларусь зазнала за часам расейскага імператара Паўла І (1796-1801), і пэўнага лібералізму Аляксандра І, цараваньне Мікалая І (1825-1855) было часам жорсцкага рэлігійнага ціску. У 1839 г. адбылося скасаваньне ўніі, адначасна ў храмах былі забароненыя казані па-беларуску. Ліквідацыя грэцка-каталіцкай канфесіі суправаджалася нішчаньнем яе шматлікіх культурных каштоўнасьцяў, спальваньнем літургічнай і тэалягічнай літаратуры. Расейскія праваслаўныя цэрквы сталі асяродкамі палітычнай прапаганды імперскай палітыкі Масквы.

Кастусь гадаваўся ў гэты час, юнак меў дапытлівы розум, пазьней атрымаў добрую адукацыю. У час вучобы ў Пецярбургу і Маскве Каліноўскі разам з сваім старэйшым братам Віктарам – таленавітым архівістам, меў мажлівасьць вывучаць унікальныя дакумантальныя матар’ялы, якія паказвалі сутнасьць гістарычных дачыненьняў Расеі і Рэчы Паспалітай. Менавіта адсюль зыходзіў сьветагляд правадыра паўстанцаў.

Асобная тэма – гэта расправы паўстанцаў над праваслаўнымі сьвятарамі. Акрамя аднаго-двух прозьвішчаў з такімі выпадкамі, якія апісваюцца шавіністычнымі расейскімі аўтарамі, дакладных зьвестак пра гэта няма. З іншага боку дакладна ведама, што было пакарана сьмерцю 8 ксяндзоў (кожны другі проста за чытаньне паўстанцкага маніфэсту!), гэтыя прозьвішчы ведамыя дакладна. 36 каталіцкіх сьвятароў былі высланы на катаржныя працы, 25 – на пасяленьне ў Сібір з пазбаўленьнем усіх асабістых правоў.

Стэрэатып чацьвёрты. Клясавы. Сама складаным пытаньнем у паўстаньні 1863 году падаюцца стасункі паміж двума лягерамі вызвольнага руху. Схема гэтых дачыненьняў у сёньняшняй беларускай гістарыяграфіі даволі павярхоўная. Між тым, тэма вымагае грунтоўных дасьледзінаў. Яшчэ да пачатку вызвольнага чыну склаліся дзьве плыні –“белыя” і “чырвоныя”. Блёк “белых” складалі буйная шляхта і новая буржуазія. Іх стратэгічнай мэтай было аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году. Прымітыўна, аднак, лічыць, што лягер “белых” – гэта блёк вылучна прапольскіх настрояў. Тут патрэбна дэталёва вывучаць паставы і дзеі кожнага асобнага чалавека. Гэтая плынь прагнула аднавіць канфедэратыўную дзяржаву палякаў, ліцьвінаў, украінцаў і жмудзінаў, прычым хацела ўжыцьцявіць гэта канстытуцыйным шляхам. “Белыя” мелі моцную надзею на падтрым заходнеэўрапейскіх дзяржаў (гэты наіўны спадзеў у ХХ-ым стагоддзі стане славянскай ілюзійнай традыцыяй). Зважаючы на пэўныя ліберальныя саступкі рэжыму Аляксандра ІІ, які ў 1855 г. зьмяніў цемрашальскі мікалаеўскі, значная частка “белых” хацела шляхам ціску і ініцыятыў прысьпешыць рэформы. Прыкладам у 1862 г. маршалак Гарадзенскай шляхты, граф Віктар Старжынскі (выдатны, але, на жаль, малаведамы сёньня мысьляр) перадаў Аляксандру ІІ праект нацыянальна-культурнай аўтаноміі літоўскіх (беларускіх) і жмудзінскіх (летувіскіх) земляў у складзе Расейскай імперыі. Ёсьць усе падставы меркаваць, што “белыя” абралі тактыку пакрокавага эвалюцыйнага дасягненьня незалежнасьці. Варта пачытаць мэмуары тагачасных лідараў “белых”, прыкладам Якуба Гейштара.

Плынь “чырвоных” была досыць стракатай у сацыяльна-палітычным “пляне”. Сюды ўходзілі дробная і сярэдняя шляхта, студэнты, інтэлігенцыя, незаможныя гараджане, сяляне. Бальшыня зь іх была апантаная ідэямі Французскай буржуазнай рэвалюцыі і прагнула радыкальных дзеяў. Апроч Каліноўскага, дзейснымі запраўднымі лідарамі гэтай плыні былі Уладзіслаў Малахоўскі і Цітус Далеўскі. Вызвольнае рэвалюцыйнае паўстаньне яны бачылі як адзіны шлях да незалежнасьці. Можна пагадзіцца зь ведамым дасьледнікам Вячаславам Шалькевічам: “Паўстаньне К. Каліноўскі разглядаў не як самамэту, а толькі як непазьбежны сродак дасягненьня высакароднай мэты - свабоды і незалежнасьці сваёй радзімы, паколькі ў самадзяржаўнай Расеі адсутнічалі якія-небудзь легальныя шляхі змаганьня за ўладу, а значыць, і магчымасьці рэалізацыі справядлівай і гуманнай сацыяльна-палітычнай праграмы” (В. Ф. Шалькевіч. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі).  

З працаў савецкіх гісторыкаў вынікае, што Каліноўскі люта ненавідзеў шляхту. Гэта зноў жа павярхоўны пагляд. Па-першае, Каліноўскі сам паходзіў з шляхецкай сям’і і такой прыроднай нянавісьці не магло быць у яго “крыві”. Па-другое, ёсьць яскравыя сьведчаньні сучасьнікаў. Як піша Апалёнія Серакоўская (жонка Зыгмунта Серакоўскага, сястра братоў Далеўскіх): “Ведалі мы Каліноўскага шмат гадоў, быў ён сябрам люду -  можа, нават халопаманам, але ніколі ня быў ворагам якой-небудзь часткі свайго народу” (Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. Творы, дакументы). Падаецца, што Каліноўскі рэзка выслаўляўся (а такіх выказваньняў багата) толькі пра частку ліцьвінскай шляхты, а менавіта тую, якая празьмерна спольшчылася і не жадала вызнаваць ідэю сацыяльна-нацыянальна-канфесійнай вольнасьці сялян. Каліноўскі быў апантаны ідэяй вызваленьня сялянства, ён шчыра верыў у жыватворныя сілы народу. Тут варта пагадзіцца з польскім гісторыкам Баляславам Ліманоўскім: “Быў ён шчырым народнікам. Вызнаваў тое перакананьне, што толькі сялянскае паўстаньне верне свабоду літоўскім народам. Народ для яго ня быў адным толькі сродкам, але найперш быў мэтаю. Вызваленьне сялян, ператварэньне іх у грамадзян - вось галоўная мэта” (там жа). Па-сутнасьці, Каліноўскі ўжо тады сфармаваў ідэю грамадзянскай супольнасьці, так папулярную ў панятках сучаснай дэмакратыі.

Праўдзівай беларускай гістарыяграфіі не патрэбная ідэялізацыя “чырвоных” ці “белых”. Ня варта перабольшваць супярэчнасьці паміж “белымі” і “чырвонымі”. Трэба іх дэталёва аналізаваць. Называць “белых”  здраднікамі, а “чырвоных” - рэвалюцыянэрамі-тэрарыстамі – прымітыўны палітыканскі пагляд. Бясспрэчна толькі тое, што абодва лягеры былі патрыятычнымі, мелі пэўную розьніцу ў сьветаглядзе, але праглі такой вольнасьці, як пісаў Каліноўскі, “якой не было нашым дзедам да бацькам”. Патрэба сёньняшняга асэнсаваньня паўстаньня 1863 году – глянуць на яго беларускімі вачамі, але праз сьветагляд эўрапейца другой паловы ХІХ ст.

Уладзімір Хільмановіч, “Гарадзенская Вясна”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства