Дзяніс Дзянісаў абвінавачаны ў парушэньні 342-га артыкулу КК за арганізацыю групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак
Трэці тыдзень знаходзіцца за кратамі актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзяніс Дзянісаў. Яго вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, што караецца пазбаўленьнем волі да трох гадоў.
2 сакавіка актывіста Дзяніса Дзянісава ў Віцебскім сьледчым ізалятары наведаў адвакат Пётар Каваленка. Паводле яго, Дзянісу Дзянісаву выставілі абвінавачаньне паводле 342-га артыкулу: “Ён абвінавачаны ў арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак і супрацьдзейнічаюць уладзе. Гэта выявілася нібыта ў тым, што яны падрыхтавалі ўлёткі і плакаты і зьбіраліся такім чынам супрацьдзейнічаць”, -- паведаміў адвакат Радыё Свабодзе.
Паводле адваката, падзеі, якія фігуруюць у справе Дзянісава, адбыліся 18 чэрвеня 2006 году ў Віцебску. Тады група моладзевых актывістаў зь незарэгістраванай арганізацыі “Бунт” спрабавала правесьці апызыцыйную акцыю. Актывісты вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг.
Крымінальную справу паводле ўдзелу Дзяніса Дзянісава ў гэтым эпізодзе завялі летась у кастрычніку. А затрымалі Дзяніса Дзянісава 16 лютага ў цягніку, які ехаў у Гомель. Спачатку актывіста трымалі ў Гомельскім сьледчым ізалятары, потым перавезьлі ў Віцебскі сьледчы ізалятар №2.
Як паведаміў адвакат Пётар Каваленка, стаўленьне да Дзяніса Дзянісава ў сьледчым ізалятары “нармальнае, на дрэнныя ўмовы ён ня скардзіцца”. Адвакат паведаміў, што ягоны падабаронны віны не прызнае. “Будзем дамагацца зьмены ўтрыманьня для Дзяніса”, — сказаў адвакат Каваленка. Ён лічыць, што перспектывы ў абароне кліента добрыя.