У мястэчку Лунна Мастоўскага раёну пенсіянеры разам з апазіцыйным дэпутатам дамагаюцца аднаўленьня працы шпіталя, які год таму быў закрыты на рашэньне райвыканкаму
Пасялковы шпіталь у Лунне абслугоўваў два сельсаветы. Вяскоўцам было зручна карыстацца ім, паколькі адсюль да райцэнтра 24 кілямэтры. Зараз тут толькі дзённы стацыянар, які працуе ад 8-й да 18-й гадзіны.
Галоўны фельчар Валянціна распавяла Радыё Свабодзе, што мясцовыя жыхары зьвярталіся ўсюды, нават прэзідэнту пісалі, аднак нічога з гэтага ня выйшла. Закрылі – і ўсё.
Старшыня мясцовага сельсавету Ніна Воран разводзіць рукамі: “Мясцовае рашэньне не прымалася, каб закрыць шпіталь. Мы самі бачым, што ён патрэбны. Гэта было зроблена на загад міністэрства”.
Разам з тым галоўны ўрач Мастоўскага ТМА Алег Трушко лічыць, што шпіталь перавялі ў рэжым дзённага стацыянару абгрунтавана. Ён сам удзельнічаў у падрыхтоўцы даведкі на гэты конт. Маўляў, усё было ўлічана і ніякіх скаргаў ад насельніцтва няма: “Тут усё нармальна. Па Мастоўскім раёне паказчык па месца-койках перавышае сацыяльна-мінімальны стандарт, і ён значна вышэйшы, чым мінімальны. Таму людзі ў нашай дапамозе не абмежаваны”.
Адзіным чалавекам у Лунна, хто піша ва ўсе інстанцыі, ходзіць на прыёмы да мясцовых чыноўнікаў, зьяўляецца дэпутат мясцовага Савету, сябра Партыі камуністаў Беларускай Аляксандар Пудаўкін. Але і ён нічога ня можа дамагчыся. Ніхто з вэртыкальнікаў нават не дае ніякіх адказаў: “Пры закрыцьці шпіталя ніхто не ўлічваў думкі людзей, спасылаліся на нейкі ліст Міністэрства аховы здароўя, але насамрэч людзі на месцы пакутуюць ад такіх рашэньняў”.