Абвешчаны конкурс для грамадзкіх аб’яднаньняў на прадастаўленьне грантаў паводле Праграмы “Прадухіленьне гандлю людзьмі: Рэспубліка Беларусь”
Конкурс праводзіць Міжнародная арганізацыя па міграцыі пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці, паведаміў belngo.info. Праграма скіраваная на падтрымку ініцыятываў грамадзкай супольнасьці ў пытаньнях прадухіленьня гандлю людзьмі - адзначаецца ў інфармацыі, якая распаўсюджаная арганізатарамі конкурсу.
Мэтамі і задачамі праграмы зьяўляюцца падвышэньне самасьвядомасьці людзей, якія ўваходзяць у групу рызыкі, навучаньне іх разуменьню сваіх правоў і абавязкаў, фармаваньне навыкаў бясьпечных паводзінаў і г. д. Мэтавымі групамі праектаў могуць быць людзі, якія адносяцца да групы рызыкі, а таксама работнікі сфэры сацыяльнага абслугоўваньня і супрацоўнікі органаў, якія здольныя ўплываць на праблему гандлю людзьмі.
Каб атрымаць поўную інфармацыю аб конкурсе, Прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МОМ) у Рэспубліцы Беларусь прапануе зацікаўленым грамадзкім аб’яднаньням зьвяртацца на электронныя адрасы azaitsev@iom.org.by, jdzingailo@iom.org.by ці па тэлефоне (017) 284 46 91. Праекты на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 16 сакавіка. Маштабныя мерапрыемствы, якія заплянаваныя МОМ, залежаць ад пасьпяховасьці ўдзелу ў іх партнэрскіх грамадзкіх аб’яднаньняў – лічыць кіраўніцтва Праграмы “Папярэджаньне гандлю людзьмі”.