viasna on patreon

Міністэрства інфармацыі скасавала рэгістрацыю газеты "День".

2003 2003-08-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28-га ліпеня міністр інфармацыі Беларусі Міхаіл Падгайны падпісаў загад аб прызнанні "страціўшымі сілу" пасведчанняў аб рэгістрацыі 35 выданняў. Сярод іх апынулася і недзяржаўная газета "День". Цяпер рэдакцыя выдання змагаецца за адмену рашэння, якое лічыць незаконным. Між тым, працэс можа зацягнуцца з прычыны магчымай адстаўкі М. Падгайнага. Па звестках прэс-службы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", днямі ён падаў адпаведную заяву.
Паводле арт. 9 дзейнага Закона аб друку, пасведчанне аб рэгістрацыі выдання страчвае сілу, калі на працягу каляндарнага года выданне не выпускае ніводнага нумару. Перадапошні нумар газеты "День" быў надрукаваны ў Беларускім доме друку 25 ліпеня 2002 года. Апошні нумар выдання -- цалкам прысвечаны "гарадзенскаму" этапу жыцця Васіля Быкава -- выйшаў у маладзечанскай друкарні "Перамога" 23 ліпеня сёлета. Частка накладу праз прыватных распаўсюднікаў патрапіла да чытачоў ужо на наступны дзень. "Такім чынам, газета "День" выканала патрабаванне закона пра неабходнасць выхаду перыядычнага выдання не радзей аднаго разу на год", - гаворыцца ў адмысловай заяве, з якой 31-га ліпеня звярнуўся ў Міністэрства інфармацыі галоўны рэдактар "Дня" Генадзь Барбарыч.

Некаторыя супрацоўнікі міністэрства прызнаюць слушнасць аргументаў рэдакцыі. Кіраўнік галоўнага прававога ўпраўлення Лілія Богдан у гутарцы з прэс-службай БАЖ паведаміла, што тэкст загаду рыхтаваў аддзел рэгістрацыі СМІ, які ўключыў "День" у агульны спіс "па недаглядзе супрацоўніка". У той жа час, кіраўнік аддзела рэгістрацыі Віктар Гурэцкі лічыць, што "недагляд" адбыўся па віне рэдакцыі, якая, з улікам рызыкоўнасці свайго становішча, павінна была паклапаціцца пра аператыўнае інфармаванне міністэрства.

Са свайго боку, кіраўніцтва рэдакцыі цвердзіць, што дасылаць у міністэрства асобнікі выданняў ўваходзіць у абавязкі друкарань. Рэдакцыя лічыць, што рашэнне аб скасаванні рэгістрацыі прымалася свядома. 31-га ліпеня Генадзь Барбарыч спрабаваў высветліць прычыны з'яўлення такога загаду, аднак міністр адмовіўся з ім размаўляць. Сустрэўшы журналіста ў калідоры міністэрства, ён кінуў фразу "Я тут пры чым?" і хутка зайшоў у свой кабінет.

Рэдакцыя "Дня" абураная дзеяннямі міністэрства, тым больш, што на складзе засталося ляжаць больш за 3, 5 тысячы асобнікаў газеты. "Белсаюздрук" і "Белпошта" адмаўляюцца прымаць іх на распаўсюд, спасылаючыся на загад міністра. Такім чынам, рэдакцыя церпіць страты. "Асабліва ўражвае той факт, што на закрыццё газеты спатрэбілася ўсяго некалькі гадзін. А над тым, як адмяніць свой незаконны загад, міністэрства думае ўжо амаль тыдзень", - кажа Генадзь Барбарыч.

Кіраўнік аддзела рэгістрацыі В. Гурэцкі запэўніў прэс-службу БАЖ, што гэтымі днямі ён займаецца падрыхтоўкай дакументаў для адмены загаду міністра інфармацыі. Праўда, покуль невядома, хто ж паставіць подпіс пад гэтым рашэннем: М. Падгайны ці ягоны пераемнік.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства