“Наезд” на актывістаў кампаніі “Гавары праўду” ў Белазёрску
Актывісты кампаніі “Гавары праўду” Валянцін Лазарэнкаў і Аляксандр Кузьмін дапытаныя намеснікам начальніка Бярозаўскага РАУС старэйшым лейтэнантам Мікалаем Пракуратам у якасці сведак.
Прычынай допыту стаў пісьмовы зварот кіраўніка Белаазёрскага гарвыканкама Вячаслава Дамброўскага. На выснове матэрыялаў, размешчаных у інтэрнэце, чыноўнік просіць даць юрыдычную ацэнку дзеянням актывістаў у рамках кампаніі “Гавары праўду”.
Дамброўскі лічыць, што іх дзейнасць падпадае пад арт.193 Крымінальнага кодэкса РБ: дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, - кажа Валянцін Лазарэнкаў:
- Трэба зразумець слова кампанія, якое пішацца праз “а”. Гэта проста супольныя дзеянні людзей, якія жадаюць вырашыць пэўную праблему. Напрыклад, прыйшлося цягам двух гадоў вырашаць праблему прыборкі тэрыторыі каля возера Белага. Было сабрана шмат подпісаў і накіравана ў розныя інстанцыі, каб вырашыць простае пытанне. Праблема вырашана – кампаніі няма. Але калі ўзнікае новая праблема, то пачынаецца новая кампанія, калі ёсць людзі, якія гатовы пра гэта гаварыць і дзейнічаць у інтарэсах гараджан. Проста ў Белаазёрску праблем шмат, якія ўлада абяцала і не выканала, альбо забылася выканаць. Актывісты прыкладаюць усе намаганні, каб хоць неяк дапамагчы людзям у вырашэнні праблем. Гэта дрэнныя дарогі, канфлікт з домам 11-1 на праспекце Міра, праблема вулічнага пераходу, нізкатэмпературны рэжым на фабрыцы “Белкельме" ды іншыя.
Канешне, мясцовым уладам актыўныя людзі поперак горла. Замест вырашэння гарадскіх праблем сп. Дамброўскі, які бяззменна кіруе горадам з ужо 10 год, заняўся ўдушэннем актывістаў.
Былі дапытаныя таксама супрацоўнікамі міліцыі маці Аляксандра Кузьміна і ягоныя суседзі.