Суд пакараў Вадзіма Саранчукова пяцьцю суткамі адміністратыўнага арышту
Вадзім Саранчукоў, кіраўнік гарадзенскай Рады Партыі БНФ, асуджаны на пяць сутак адміністратыўнага арышту нібыта за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы, паведаміла pahonia.promedia.by. Пастанову аб гэтым вынесла 21 сакавіка судзьдзя суда Ленінскага раёну г. Гродна Натальля Козел.
Прыкладна а першай гадзіне дня Вадзім Саранчукоў знаходзіўся па сваіх справах ў адвакацкай канторы, што па вуліцы Савецкай. Калі ён выйшаў адтуль, да яго падышлі два міліцыянты ў форме. “Стражы парадку” прымусілі сесьці Саранчукова ў іх машыну і даставілі лідэра гарадзенскіх фронтаўцаў у Ленінскі РАУС. Там на яго быў склаладзены пратакол, паводле якога Вадзім Саранчукоў нецэнзурна лаяўся ў грамадзкім месцы.
Адразу ж на падставе гэтага пратаколу судзьдзя суда Ленінскага раёна Натальля Козел вынесла Вадзіму Саранчукову пакараньне: пяць сутак адміністратыўнага арышту паводле артыкула 17 КаАП Рэспублікі Беларусь.
За апошнія тры дні гэта ўжо трэці грамадзкі актывіст, якога судзьдзя Натальля Козел пакарала адміністратыўным арыштам.