З трэцяга разу кіраўнік офісу ОБСЕ здолеў сустрэцца з палітвязьнем Артурам Фiнькевiчам
22 сакавіка Окэ Пэтэрсан з трэцяй спробы здолеў наведаць Артура Фiнькевiча ў Магілёўскай выпраўленчай установе № 43, дзе той адбывае пакараньне, паведаміла “Радыё Рацыя”. Днём раней адмiнiстрацыя спэцкамэндатуры зачынiла дзьверы перад дыпляматам як раз у той момант, як О. Пэтэрсан падыходзiў па прыступках да ўваходу.
Але кіраўнік офісу АБСЭ не адмовiўся ад сваiх намераў, дый вырашыў на наступны дзень наведаць Артура на працы. У адказ мiлiцэйскае начальства ранiцай ня выпусьцiла Фiнькевiча з будынку, матывуючы гэтае тым, што з вязьнем хоча сустрэцца сьледчы КДБ.
I cапраўды, у 14.00 старшы опэрупаўнаважаны КДБ Iгар Калесьнiкаў выклiкаў Фiнькевiча ў актавую залю выпраўленчай установы, дзе больш за гадзiну задаваў пытаньнi наконт яго дачыненьня да незарэгiстраванага Маладога фронту.
У сваю чаргу, Пэтэрсан пасьля афiцыйнай сустрэчы зь кiраўнiцтвам Магiлёўскага аблвыканкаму ўсё роўна вырашыў наведаць Фiнькевiча яшчэ раз. I момант выбраў абсалютна зручны — каля 17.00 — час, калi ўсе асуджаныя вяртаюцца ў спэцкамэндатуру.
Сустрэў дыплямата начальнiк установы Аляксандар Ламаза, якi выйшаў у гэты дзень на працу, нават нягледзячы на хваробу. Фiнькевiча спачатку iзалявалi ў кабiнэце зампалiта маёра Кузькова, але пасьля тэлефоннага ўзгадненьня ўсё ж такi дапусьцiлi да Пэтэрсэна.
Гутарка ў прысутнасьцi начальнiка доўжылася больш за гадзiну. Падчас яе кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску цiкавiўся ўмовамi ўтрыманьня вязьня дый яго ўзаемадачыненьнямi з адмiнiстрацыяй. Фiнькевiч, у сваю чаргу, заклiкаў не йсьцi на кампрамiс i не сядаць за стол перамоваў зь беларускiмi ўладамi, пакуль ня будуць выкананыя ўсе 12 пунктаў патрабаваньняў Эўропы.
Увогуле вiзыт О. Пэтэрсана можна назваць азнаямляльным вiзытам ветлiвасьцi, але дыплямат моцна ўразіўся тымi перашкодамi, што чынiлi яму прадстаўнiкi сiлавых структураў.