viasna on patreon

Пакуль адвакат не прыйдзе, можна не даваць паказаньняў

2007 2007-03-23T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Напярэдадні самай масавай вясновай акцыі, якая адбудзецца 25 сакавіка ў Дзень Волі, сябры моладзевых арганізацый заключылі дамовы з адвакатамі на выпадак затрыманьня. Паводле новага Адміністрацыйнага кодэксу затрыманыя маюць больш магчымасьцяў для сваёй абароны. Што рабіць, калі вас затрымалі на мірнай акцыі, а вінавацяць у дробным хуліганстве?

Паводле новага Адміністрацыйнага кодэксу ад моманту затрыманьня чалавек можа патрабаваць адваката. Апроч таго, міліцыянты, якія затрымліваюць грамадзяніна, мусяць знайсьці сьведак, якія б далі паказаньні для пратаколу і ў судзе. Але цягам двух сутак супрацоўнікі міліцыі затрымалі больш за дзесятак моладзевых актывістаў на вуліцы, калі тыя выходзілі з дому, ці на прыпынках грамадзкага транспарту і ні ў адным выпадку не запрасілі сьведак інцыдэнтаў. Юрыст і праваабаронца Алена Танкачова раіць патрабаваць ад міліцыянтаў выкананьня заканадаўства:

“Калі чалавек апынуўся ў такім месцы, ён, натуральна, губляецца. Самае разумнае, не выклікаць сваімі дзеяньнямі агрэсіі. Як толькі чалавека прывезьлі ў міліцыю і кажуць яму, што пратрымаюць тры гадзіны для высьвятленьня ягонай асобы, ён можа патрабаваць абаронцу. Міліцыянты абавязаны зьвязацца з дзяжурным адвакатам, альбо з тым, з якім у затрыманага ёсьць дамова. Пакуль адвакат не прыйдзе, можна не даваць паказаньняў. Калі вінавацяць у дробным хуліганстве, а затрымалі за ўдзел у акцыі, то трэба напісаць прозьвішчы асобаў, якія былі сьведкамі затрыманьня, у пратаколе.”

Юрысты ўказваюць, што адвакат можа сустракацца з падабаронным і пасьля складаньня пратаколу. Алена Танкачова на Радыё Свабодзе прыгадала сытуацыю з Барысам Гарэцкім: “Адмовілі адвакату, спаслаўшыся на тое, што ўжо складзены пратакол. Гэта было яўным парушэньнем адміністрацыйнага кодэксу. Як толькі зьявіўся адвакат, ён мусіць бесьперашкодна размаўляць са сваім падабаронным колькі патрэбна і сам-на-сам”.

Юрысты раяць на ўсе выпадкі парушэньня заканадаўства з боку міліцыянтаў падаваць скаргі, нават, калі чалавек лічыць гэта бессэнсоўным.

“Толькі шляхам мэтадычных спробаў прыцягненьня іх да адказнасьці за невыкананьне дзеючых нормаў заканадаўства”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства