1 тысяча эўра за інфармацыю пра зьніклую мэмарыяльную дошку
Узнагароджаньне ў 1000 эўра абяцае пасол Нямеччыны ў Беларусі Марцін Хэкер за інфармацыю, якая будзе садзейнічаць вяртаньню бронзавай мэмарыяльнай дошкі, прысьвечанай габрэям Брэмэна, зьнішчаным у Менскім гета.
10 сакавіка стала вядома аб зьнікненьні бронзавай мэмарыяльнай дошкі, усталяванай у 1993 годзе прадстаўнікамі габрэйскай грамады Брэмэна на фасадзе дома № 13 па вуліцы Гарадзкі вал ў Менску. Дошка была ўсталяваная ў памяць 450 брэмэнскіх габрэяў, дэпартаваных у 1942 годзе з Германіі ў Беларусь і зьнішчаных у Менскім гета.
Па факце зьнікненьня дошкі Саюз беларускіх габрэйскіх грамадаў 12 сакавіка зьвярнуўся з заявай у міліцыю Маскоўскага раёна сталіцы.
Паводле міліцыі, цягам месяца будуць высьвятляцца абставіны зьнікненьня мэмарыяльнай дошкі, паведамляе Радыё Свабода.