Аляксей Шыдлоўскі: “З камеры маглі выйсці не ўсе”
Моладзевы лідэр Аляксей Шыдлоўскі быў вызвалены з спейпрыёмніка-размеркавальніка на Акрэсціна. Актывіст быў затрыманы міліцыяй напярэдадні святкаванні Дня Волі. “Мяне шмат разоў затрымлівалі, але я ўпершыню сутыкнуўся з такім нахабствам і бесцырымоннасцю з боку міліцыянтаў. Яны затрымалі мяне каля ўласнага пад’езда, сказаўшы, што “трэба праехаць на 20 хвілін у аддзяленне”. Як толькі прыехалі ва ўчастак, мне адразу было сказана: “здымай шнуркі, рэмень, гадзіннік”, – распавёў Аляксей Шыдлоўскі прэс-цэнтру Хартыі’97.
Моладзевы лідэр распавёў, што ў камеры, дзе ён сядзеў, было выбітае шкло і тэмпература паветра ўначы ў памяшканні была блізкая да нуля.
“Адседка, у прынцыпе, нічым не здзівіла, за выключэннем аднаго ЧП, пасля якога з камеры лёгка маглі выйсці не ўсе. Аднойчы, у 5 раніцы на “сцэну”, дзе мы спалі з сябрамі “Маладога Фронту”, звалілася аконная рама і кавалкі шкла пасыпаліся на галовы моладзевых актывістаў. Нас магло лёгка парэзаць і пакалечыць! Раму, якая выпала, так і не ўставілі, і амаль трое сутак тэмпература па начах была блізкая да нуля”, – распавёў моладзевы лідэр.
Нагадаем, што Аляксея Шыдлоўскага затрымалі, калі ён хварэў на грып. З спецпрыёмніка ён выйшаў у яшчэ цяжэйшым стане.