viasna on patreon

Міклаш Харашці заклікае ўрад вызваліць Алеся Бяляцкага і спыніць пераслед праваабаронцаў

2013 2013-08-03T11:41:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/miklash_harashci.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міклаш Харасці, спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

Міклаш Харасці, спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

БЕЛАРУСЬ: эксперт Арганізацыі Аб'яднаных Нацый заклікае ўрад вызваліць Алеся Бяляцкага і спыніць пераслед праваабаронцаў

ЖЭНЕВА (2 жніўня 2013 г.) - Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харашці заклікаў урад Беларусі "неадкладна і безумоўна" вызваліць і рэабілітаваць праваабаронцу Алеся Бяляцкага. "Зняволенне сп. Бяляцкага з'яўляецца сімвалам рэпрэсій супраць праваабаронцаў", — сказаў ён.

Два гады таму, 4 жніўня 2011 г., кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” сп. Бяляцкі быў затрыманы ў сталіцы Беларусі г. Мінску па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Пазней ён быў прысуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй усёй маёмасці, у тым ліку зарэгістраванай на іншых асоб. Гэта рашэнне было пакінутае ў сіле ў выніку абскарджвання ў 2012 годзе.

"Сп. Бяляцкі – праваабаронца, які карыстаецца сусветнай  павагай, яго дзейнасць па абароне правоў чалавека добра вядомая і шырока прызнаная", — адзначыў незалежны эксперт Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. У дадатак да сваёй працы ў “Вясне”, ён браў актыўны ўдзел у стварэнні Беларускага дома правоў чалавека ў Вільні (Літва) і стаў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека. “Вясна” працягвае адстойваць правы простых грамадзян, як і правы зняволеных апанентаў урада.

"Як і многія іншыя праваабаронцы ў Беларусі, сп. Бяляцкі не мог займацца легальнай і бесперашкоднай працай з прычыны адмовы беларускіх уладаў у рэгістрацыі яго НДА”, — сказаў Спецыяльны дакладчык, заклікаючы ўрад прызнаць праваабарончыя арганізацыі краіны і распачаць супрацоўніцтва з імі, дзеля таго каб стварыць незалежную нацыянальную ўстанову па правах чалавека, як таго патрабуюць абавязацельствы краіны ў межах дамоваў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Незалежны эксперт спасылаецца на меркаванне Камітэта па правах чалавека ААН аб тым, што ліквідацыя “Вясны” з'яўляецца парушэннем свабоды аб'яднанняў, гарантаванай Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Акрамя таго, ён адзначыў, што Савет па правах чалавека ААН аднагалосна заявіў, што ніякі закон не можа ўводзіць крымінальную адказнасць або пазбаўляць легітымнасці дзейнасць па абароне правоў чалавека ў сувязі з крыніцамі яе фінансавання.

"Затрыманне сп. Бяляцкага – відавочны вынік яго няспыннай, не толькі легітымнай, але і законнай працы ў адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека", — падкрэсліў сп. Харашці. “Дзейнасць па пошуку сродкаў, якой займаўся сп. Бяляцкі дзеля таго, каб забяспечыць само існаванне “Вясны”, а таксама працяг яе дзейнасці, праводзілася ў адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека", — падкрэсліў ён. Эксперт паўтарыў пазіцыю Працоўнай групы ААН па адвольных затрыманнях, якая назвала затрыманне сп. Бяляцкага адвольным.

"Два гады пасля арышту сп. Бяляцкага, у дзень, які будзе адзначацца па ўсім свеце, я далучаюся да іншых людзей, прапануючы сваю сардэчную падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і яе выдатнай працы, і заклікаю ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць сп. Бяляцкага, а таксама іншых асоб, пазбаўленых волі ў парушэнне іх правоў", — сказаў сп. Харашці, паўтараючы сваю папярэднюю рэкамендацыю, выкладзеную ў першым дакладзе, прадстаўленым Савету па правах чалавека ААН у чэрвені 2013 года, пасля таго як Вярхоўны камісар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека звярнулася з аналагічным заклікам ў сваім дакладзе па сітуацыі ў Беларусі за 2011 год.

У сваім дакладзе Спецыяльны дакладчык выказаў глыбокую заклапочанасць у сувязі з тым, што ў чэрвені 2012 года турэмныя ўлады абвясцілі сп. Бяляцкага злосным парушальнікам рэжыму зняволення. У кастрычніку таго ж года кааліцыя незалежных правабарончых НДА папярэдзіла аб "значным пагаршэнні" ўмоў яго зняволення.

"Я заклікаю ўрад Беларусі забяспечыць сп. Бяляцкаму ў перыяд да яго вызвалення доступ да любой медыцынскай дапамогі, якая яму можа спатрэбіцца, і гарантаваць, што ўмовы ўтрымання ў турме не ўплываюць на яго здароўе, а таксама што Алесь Бяляцкі мае поўныя правы на спатканні і прыватную перапіску," — заклікаў незалежны эксперт Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Сёлета Савет Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека аднагалосна заклікаў усе дзяржавы забяспечыць, каб заахвочванне і абарона правоў чалавека не лічыліся злачынствам, і каб праваабаронцы не былі пазбаўленыя магчымасці карыстацца ўніверсальнымі правамі чалавека, датычнымі іх працы, як індывідуальна, так і сумесна з іншымі, падкрэсліваючы пры гэтым, што кожны чалавек павінен паважаць правы чалавека іншых.

"Я заклікаю беларускія ўлады абараняць праваабаронцаў і журналістаў ад пераследу, запалохвання і гвалту ў выніку іх дзейнасці, а таксама праводзіць хуткае, аб'ектыўнае і дбайнае расследаванне, крымінальная пераслед і пакаранне любога з гэтых дзеянняў", — сказаў сп. Харашці, паўтараючы рэкамендацыю, выкладзеную  ў яго дакладзе ў адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах.

 

Савет па правах чалавека ААН заснаваў мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь у сакавіку 2012 года (рэзалюцыя 20/13) на першапачатковы перыяд у адзін год. У якасці спецыяльнага дакладчыка Міклаш Харашці (Венгрыя) не залежыць ад любога ўрада ці арганізацыі, а выступае як індывідуальная асоба. У 1970-х сп. Харашці стаў адным з заснавальнікаў праваабарончага руху і руху за свабоду прэсы ў Венгрыі, а ў 1990-х гадах ён быў дэпутатам венгерскага парламента. З 2004 па 2010 год ён займаў пасаду прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды сродкаў масавай інфармацыі. З 2010 года ён выкладае дэмакратызацыю СМІ ў шэрагу універсітэтаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства