Перамовы ўладаў з заяўнікамі «Чарнобыльскага шляху» не адбыліся
Менскія ўлады выклікалі ўчора заяўнікоў “Чарнобыльскага шляху” ў гарвыканкам для кансультацыяў, паведаміла “Радыё Свабода”. Валянціна Палевікова, Аляксей Янукевіч, Анатоль Сідарэвіч, Юрась Зянковіч, Алесь Чахольскі й Юрась Беленькі ў выканкаме даведаліся, што размаўляць ім прапанавана з кіраўніком аддзелу грамадзкай бясьпекі Аляксандрам Найдзенкам, намесьнікам генэральнага пракурора і кіраўніком ідэалягічнага аддзелу Менгарвыканкаму. У пакоі былі прадстаўнікі дзяржаўных тэлеканалаў і гарадзкога ўпраўленьня міліцыі.
Заяўнікі акцыі адмовіліся размаўляць у прысутнасьці тэлеапэратараў. Палітыкі паведамілі чыноўнікам, што гатовыя весьці перамовы пра тое, каб гарантаваць парадак і бясьпеку ўсім удзельнікам акцыі.
Нагадаем, што “Чарнобыльскі Шлях” плануецца пачаць 26 красавіка ў 18 гадзінаў на плошчы Якуба Коласа ў Менску паведамляе Хартыя’97.