Гомельскім актывістам Уладзімеру Кацору і Уладзімеру Шыцікаву не далі магчымасьці абскардзіць арышт
18 красавіка старшыня суду Савецкага раёну Гомеля Аляксандар Кострыкаў адхіліў скаргі мясцовых актывістаў Уладзімера Кацоры і Уладзімера Шыцікава. Яны абскарджвалі пастанову суду аб іхным арышце. Пра гэта паведаміла Радыё Свабода.
Спадар Кострыкаў спаслаўся на тое, што актывісты прапусьцілі тэрмін абскарджаньня адміністрацыйнага арышту. Уладзімера Кацору і Уладзімера Шыцікава арыштавалі напярэдадні Дня Волі. Суд прызнаў іх вінаватымі ў хуліганстве. Актывісты лічаць пастанову аб арышце палітычна матываванай.
Яны зьвяртаюць увагу на наступную акалічнасьць. Падчас знаходжаньня ў ізалятары яны ня мелі магчымасьці аплаціць судовую пошліну за абскарджаньне. А паводле новага адміністрацыйнага кодэксу зрабіць гэта трэба было цягам пяці дзён, якія яны правялі за кратамі. Да таго ж актывісты ня мелі магчымасьці пракансультавацца з адвакатам.