У Берасьці адзначылі 21 гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС
Сёння, 26 красавіка, дэмакратычныя сілы Берасця адзначылі 21-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Актывісты Партыі БНФ і прыхільнікі кампаніі "За свабоду" раздавалі жыхарам Берасця інфармацыйныя матэрыялы, прысвечаныя чарнобыльскай трагедыі.
Інфармацыйнай хваляй гэтым разам былі ахоплены раёны, аддаленыя ад цэнтра горада, а асаблівая ўвага надавалася мікрараёну "Кавалёва", у якім кампактна пражываць перасяленцы з забруджаных радыяцыяй раёнаў Беларусі. У гэтым раёне актывісты абышлі 2 мясцовых кірмашы, праводзілі раздачу на прыпынках грамадскага транспарту і каля буйных крамаў. Найбольшай папулярнасцю ў мінакоў карыстаўся інфармацыйны бюлетэнь Берасцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ "Наш выбар", значная частка якога прысвечаная чарнобыльскай тэматыцы.
Як распавёў актывіст кампаніі "За свабоду" Сямён Васюк, шмат хто з мінакоў нават не ведае, у якім годзе адбылася аварыя на ЧАЭС:
- Мяне здзівіла, што многія, асабліва моладзь, ведаючы, што Чарнобыльская аварыя нанесла вялізную шкоду Беларусі і беларускаму народу, нават не могуць назваць год, у якім яна адбылася. А яшчэ шмат хто здзіўляўся, чаму, калі краіне нанесена такая вялізарная шкода, улады нічога не робяць і нават не кажуць аб гэтым.
Адзначым, што напярэдадні гадавіны Чарнобыля ў Берасці па паштовых скрынках было распаўсюджана больш за 10000 інфармацыйных матэрыялаў, прысвечаных Чарнобыльскай праблематыцы.