Сёньня аб 11 гадзіне Вярхоўны суд вырашыць лёс грамадскага аб'яднаньня «Беллітфонд»
Судовае разьбіральніцтва паводле пазову Міністэрства юстыцыі да грамадскай арганізацыі “Беллітфонд” прайшло ўчора без без удзелу прадстаўнікоў фонду, якім суд адмовіў у хадайніцтве аб пераносе справы.
Нагадаем, што 2 траўня кіраўніцтва грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі літаратурны фонд» атрымала афіцыйны ліст зь Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь. Гэта была позва на судовае разьбіраньне грамадзянскай справы паводле пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беллітфонду.
Разьбіраньне было прызначанае на 3 траўня а 14:30. Як распавёў “Нашай ніве” дырэктар ГА «Беллітфонд» Алесь Данільчык, кіраўніцтва арганізацыі даслала ў суд хадайніцтва з просьбай перанесьці разьбіраньне на больш позьні тэрмін.
“Мы апэлявалі да 143-га артыкулу Грамадзянска працэсуальнага кодэксу, які гарантуе бакам судовага разьбіраньня прадстаўленьне ў неабходнай колькасьці часу на падрыхтоўку да працэсу,” — патлумачыў сп. Данільчык.
Падрыхтавацца да судовага разьбіраньня цягам 24 гадзінаў (улічваючы начны час сутак) немагчыма, аднак суд адхіліў хадайніцтва фонду.
Разьбіраньне адбылася ў адсутнасьць упаўнаважанага прадстаўніка «Беллітфонду». Паводле словаў А. Данільчыка, на судзе тройчы зачыталі тэкст пазову Мінюсту — спачатку прадстаўнік гэтай арганізацыі, затым супрацоўнік пракуратуры, які пагадзіўся з прэтэнзіямі Мінюсту, а таксама судзьдзя Самалюк В.І.