viasna on patreon

Бабруйск: На гарадской канферэнцыі не знайшлося месца незалежным аб’яднанням і апазіцыі

2013 2013-12-06T08:50:47+0300 2013-12-06T08:50:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gramadzianskaja_supolnascjpg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мясцовыя СМІ паведамілі пра гарадскую канферэнцыю, якая, як аказалася, прайшла ў Бабруйску напрыканцы лістапада. На ёй, па інфармацыі карэспандэнтаў, прысутнічалі грамадскія аб’яднанні, якія прэзентавалі сваю дзейнасць.

“У межах канферэнцыі працавала выставачна-дэманстрацыйная пляцоўка, якая прадставіла разнавектарную накіраванасць грамадзянскага сектара горада. У працы форуму, які сабраў прадстаўнікоў аргструктур палітычных партый, прафесійных саюзаў і грамадскіх арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Бабруйска, узяў удзел старшыня гарвыканкама”, - паведамляе сайт гарвыканкама.

Далей з тэкста можна даведацца, хто ж уваходзіць у “разнавектарны грамадзянскі сектар”: Савет старшыняў камітэтаў прафсаюзаў, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Камуністычная партыя Беларусі, Белая Русь, Таварыства ратавальнікаў на вадзе, Беларуская федэрацыя мадэльнага фітнэса і культурызма, студыя выяўленчага мастацтва “Вясёлка”, БРСМ, Чырвоны Крыж ды іншыя. Але – ніводнага прадстаўніка ад альтэрнатыўных партый і агранізацый.

-Упершыню чую пра такую канферэнцыю, - кажа Міхаіл Кавалькоў, старшыня суполкі Свабоднага прафсаюза беларускага на заводзе ТдіА (трактарных дэталяў і агрэгатаў). – І ў Савет старшыняў камітэтаў прафсаюзаў я таксама не ўваходжу, там, напэўна, прадстаўленыя толькі праўладныя прафсаюзы.

-Той факт, што нас не запрашаюць на такога кшталту канферэнцыі, яскрава сведчыць пра раскол, які адбыўся ў грамадстве, - каментуе Галіна Смірнова, старшыня бабруйскай суполкі прафсаюза РЭП. – Упэўнена, што сярод гасцей канферэнцыі таксама былі адэкватныя людзі, з якімі можна было б супрацоўнічаць, вырашаць агульныя грамадскія праблемы. Але нас туды не запрашаюць. Мы самі спрабавалі запрашаць прадстаўнікоў улады і праўладных структур на нашы круглыя сталы і абмеркаванні, але яны ні разу не прыйшлі.

-Я прыйшоў бы на такую канферэнцыю, а чаму трэба адмаўляцца? – пагаджаецца са Смірновай старшыня мясцовых сацыял-дэмакратаў Юры Грынявецкі. – Паслухалі б, што там гавораць, магчыма, разам бы вырашылі нейкія праблемы. Але відаць, туды запрасілі толькі праўладныя структуры? Тады арганізатары парушаюць Канстытуцыю, бо сярод мясцовых альтэрнатыўных структур ёсць зарэгістраваныя суполкі, якія мусілі там прысутнічаць.

-Першы раз чую пра гэту канферэнцыю, - кажа Віктар Бузінаеў, старшыня мясцовай суполкі АГП, якая, дарэчы, зарэгістраваная ў Бабруйску. – Нас туды не запрашалі. Чаму? Бо мы “пятая калона”, у нас іншыя погляды. Шчыра кажучы, я нават не ведаю, як пракаментаваць дзеянні людзей, якія невядома чаго баяцца і не ідуць на кантакт. Баяцца правакацый з нашага боку? Але такога ніколі не было, - каментуе нетрапленне ў спіс гасцей канферэнцыі Віктар Бузінаеў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства