У Быхаўскім раёне сёння праходзіць чарговы “добраахвотны” суботнік
Як паведамляе інтэрнэт-сайт быхаўскай раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”, з ініцыятывай правядзення суботніка з мэтай добраўпарадкавання і прывядзення ў належны стан тэрыторыі населеных пунктаў раёна, месцаў баявой і вайсковай славы, пахаванняў воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны выступіў калектыў УПКП “Быхаўрайводаканал”, а пасля ініцыятыву работнікаў камунальнага прадпрыемства падтрымаў раённы выканаўчы камітэт.
Быхаўскі райвыканкам “рэкамендаваў” арганізацыям раёна незалежна ад форм уласнасці на “добраахвотнай” аснове правесці 6 снежня 2013 года раённы суботнік на працоўных месцах.
Згодна інтэрнэт-сайта газеты “Маяк Прыдняпроўя”, заробленыя ў гэты дзень людзьмі на сваіх працоўных месцах грошы будуць выкарыстаны “на пакрыццё затрат па падрыхтоўцы горада Быхава к праведзенаму Рэспубліканскаму святу Дню беларускай пісьменасці, а таксама на добраўпарадкаванне парка “50 гадоў Перамогі”.
Журналіст і пісьменнік з Быхава Сяргей Антонаў адзначае, што суботнік зусім не з мэтай “прывядзення ў належны стан месцаў баявой і вайсковай славы”.
“Суботнік на працоўных месцах праводзіцца не для “прывядзення ў належны стан месцаў баявой і вайсковай славы”, а з мэтай адабраць у людзей сумленна заробленыя грошы і накіраваць іх на ліквідацыю наступстваў галавацяпства чыноўнікаў пры падрыхтоўцы да Дня беларускай пісьменнаці і на добраўпарадкаванне, - кажа Сяргей Антонаў. – Нават “Маяк Прыдняпроўя” прызнае, што грошы “будуць выкарыстаны на пакрыццё затрат па падрыхтоўцы горада Быхава к праведзенаму Рэспубліканскаму святу Дню беларускай пісьменнасці, а таксама на добраўпарадкаванне парка “50 гадоў Перамогі”. Між тым, райвыканкам даўным-даўно адсправаздачыўся, што той жа парк “50-гадоў Перамогі” добраўпарадкаваны. Наогул, я ўжо збіўся з падліку, колькі “добраахвотных” суботнікаў было праведзена ў Быхаўскім раёне пры падрыхтоўцы да Дня беларускай пісьменнасці. Наш райвыканкам з дапамогай такіх вось “суботнікаў на працоўных месцах” вынайшаў спосаб, па прыкладзе “вялікага камбінатара”, параўнальна сумленна адымаць грошы ў жыхароў Быхаўскага раёна. Свята прайшло, а імкненне абабраць людзей і за іх кошт вырашыць тыя праблемы, якія самі чыноўнікі і стварылі, засталося, таму і праводзяць гэты чарговы “добраахвотны” суботнік на працоўных месцах”.