Першае пасяджэнне Баранавіцкай ТВК: у кіраўніцтве надзейныя асобы
У малым зале гарвыканкама 30 снежня адбылося першае пасяджэнне Баранавіцкай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Інфармацыя пра гэтае мерапрыемства была размешчана на афіцыйным сайце гарвыканкама.
Па прапанове загадчыцы арганізацыйна-кадравай работы Наталлі Кучур старшынёй выбарчай камісіі адзінагалосна была абрана Тамара Шукала. Яна вылучана ў гарадскую выбарчую камісію ад працоўнага калектыву дзяржаўнай установы “Вучэбна-метадычны кабінет г. Баранавічы”. Падчас парламенцкіх выбараў 2012 года Тамара Шукала ўзначальвала акруговую камісію Баранавіцкай-Усходняй акругі № 6.
Намеснікам старшыні выбарчай камісіі быў абраны Алег Гомза, які вылучаны ў склад ТВК ад Баранавіцкай гарадской арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”. Сакратаром ТВК стала Таццяна Карпік, якая трапіла ў гарадскую выбарчую камісію ад грамадзян шляхам збору подпісаў. Таццяна Карпік працуе ў афіцыйнай гарадской газеце Баранавіцкага гарвыканкама і райвыканкама “Наш край”.
На першым пасяджэнні гарадской выбарчай камісіі акрамя кадравых пытанняў былі вызначаны 36 выбарчых акругаў.