У Салігорску рашэнне ўладаў па месцах для збору подпісаў -- адносна ліберальнае
Салігорскі райвыканкам вызначыў месцы, забароненыя для правядзення пікетаў па зборы подпісаў выбаршчыкаў. Мясцоўвыя праваабаронцы расцэньваюць рашэнне ўладаў як досыць ліберальнае, улічваючы існуючыя жорсткія абмежаванні для падобных мерапрыемстваў у міжвыбарчы перыяд.
Згодна з рашэннем салігорскіх чыноўнікаў, пад забаронай для збору подпісаў апынуліся аўтавакзалы ў Салігорску ды г.п.Чырвоная Слабада, чыгуначны вакзал Салігорску, а таксама пляцоўкі на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, суда, пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы.
Такім чынам, зборшчыкі подпісаў могуць ладзіць свае пікеты на Цэнтральнай плошчы Салігорска, галоўных вуліцах горада, у гарадскіх парках ды каля буйных гандлёых кропак. Нагадаем, што паводле Выбарчага кодэксу атрыманне дазволу на правядзенне пікетавання для збору подпісаў у незабароненых месцах не патрабуецца.
З іншага боку, адзначаюць мясцовыя праваабаронцы, у суседнім Любанскім раёне спіс забароненых для збору подпісаў месцаў значна шырэйшы. Акрамя стандартных прылеглых тэрыторый каля дзяжаўных органаў у забароненую зону патрапілі таксама пляцоўкі на адлегласці менш за 50 метраў ад арганізацый, якія забяспечваюць звыклую жыццядзейнасць насельніцтва. Такім чынам, збор подпісаў каля бальніц, паліклінік, садкоў, школ, прадпрыестваў вода-, цепла-, энэгразберажэння ды каля маршрутаў грамадскага транспарту на Любаншчыне забаронены.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”