У Шклоўскай выбарчай акрузе №57 зарэгістраваныя чатыры ініцыятыўныя групы
17 студзеня акруговая камісія Шклоўскай гарадской выбарчай акругі №57 зарэгістравала чатыры ініцыятыўныя групы па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў 27 склікання.
Прэтэндэнтамі ў кандыдаты сталі шклоўскі краязнаўца, былы вайсковец Міхаіл Кучарэнка, прадстаўнік Партыі БНФ Яраслаў Фесько, дырэктар буйнейшай гаспадаркі Шклоўскага раёна ААТ “Александрыйскае” – Віктар Дзюрдзь і рэдактар раённай газеты “Ударны фронт” Павел Савельеў.
Грамадскі актывіст Міхаіл Кучарэнка кажа, што сябры ініцыятыўнай групы пачнуць збор подпісаў за яго вылучэнне ўжо ў бліжэйшыя дні.
Таксама стала вядома, што акруговая камісія Быхаўскай гарадской выбарчай акругі №14 на пасяджэнні 17 студзеня зарэгістравала пад нумарам 1 ініцыятыўную групу па збору подпісаў за прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета, сябра Партыі БНФ Сяргея Антонава.
Па словах Сяргея Антонава, пасля рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы члены камісіі прапанавалі яму пакінуць памяшканне, таму ён не можа даць дакладны адказ, ці рэгістраваліся яшчэ ініцыятыўныя групы за іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты па Быхаўскай гарадской акрузе №14. Як кажа Сяргей Антонаў, спрачацца з членамі камісіі ён не стаў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"