Магілёў: сацыял-дэмакрата высяляюць з інтэрнату
Сёння, 29 студзеня Магілёўскі абласны суд пад старшынствам суддзі Святланы Стэльмахавай разгледзеў касацыйную скаргу на рашэнне Ленінскага раённага суда Магілёва аб перасяленні актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Мікалая Залознага з аднаго інтэрната ў іншы.
Пазоў аб высяленні Мікалая Залознага з інтэрнату ў Ленінскі раённы суд падаў яго былы начальнік магілёўскіх інтэрнатаў “Магілёўаблсельбуда” Павел Шышоў. Тады суд першай інстанцыі пастанавіў перасяліць актывіста Грамады з інтэрната па вуліцы Касманаўтаў, 45 у інтэрнат па вуліцы Залуцкага,3.
Залозны лічыць такое перасяленне пагаршэннем ягоных умоваў пражывання, бо яго з пакою ў 13 кв.м. перасяляюць у пакой, дзе ўжо жыве два маладых чалавекі.
“Я казаў гэта мінулы раз і скажу зноўку – гэта знявага пажылога чалавека. Мяне, пенсіянера, ветэрана працы, падсяляюць да маладых людзей. Я лічу, такім чынам мой былы працадаўца Павел Шышоў помсціць мне і спрабуе са мной паквітацца”, - кажа Мікалай Залозны.
Нягледзячы на перасяленне, якое адбудзецца неўзабаве, актывіст БСДП зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу і вылучаецца ў кандыдаты ў дэпутаты. Усе неабходныя для вылучэння подпісы Залозны ўжо сабраў.
“Я актыўна працую са сваімі выбаршчыкамі. Кажу, што іду ад апазіцыі, і людзі з задавальненнем падпісваюцца ў маю падтрымку. Кажу, што буду змагацца з карупцыяй мясцовых чыноўнікаў. Таксама распавядаю людзям пра тое, што ў Беларусі людзі пераследуюцца за палітыку”, - гаворыць Мікалай Залозны.
Нагадаем, што Мікалаю Залознаму на перыяд працы ў ГУКДЖЭП “Магілёўаблсельбуда” быў выдадзены пакой у інтэрнаце. Падчас апошніх парламенцкі выбараў 2012 года ён выявіў, што подпісы ў інтэрнаце за праўладнага кандыдата ў дэпутаты Эдуарда Сянкевіча збіраюць не члены яго ініцыятыўнай групы, пра што заявіў публічна. Пасля гэтага ў актывіста пачаліся праблемы з начальствам, і ён быў звольнены. Залозны праз суд спрабаваў аднавіцца на працы, а таксама абараніць свой гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, прайшоў чатыры суды, аднак дабіцца праўды так і не здолеў.