viasna on patreon

Віцебскі абласны суд адмовіў Сяргею Вазняку

2014 2014-01-30T17:13:20+0300 2014-01-30T17:13:20+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vazniak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Вазняк

Сяргей Вазняк

29 студзеня адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазняк  абскарджваў у Віцебскім абласным судзе адмову ў рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных груп. Суд падтрымаў ранейшыя адмовы раённай і абласной выбарчых камісій.

Актывіст збіраўся балатавацца ў Талачынскі раённы і Коханаўскі сельскі саветы праз збор подпісаў. Талачынская раённая выбарчая камісія ініцыятыўныя групы не зарэгістравала, спаслаўшыся на 6-ю частку артыкула 60 Выбарчага кодэксу. Сяргею Вазняку было заяўлена, што ён не жыве і не працуе на тэрыторыі саветаў, у якія збіраецца балатавацца. С.Вазняк з такімі аргументамі не пагадзіўся: спрабаваў даводзіць, што ён галоўны рэдактар рэспубліканскай газеты „Товарищ“, якая распаўсюджваецца на тэрыторыі ўсёй Беларусі, адпаведна, і ў Талачынскім раёне.

У Талачынскай раённай выбарчай камісіі сказалі, што тэрыторыя распаўсюду газеты не можа разглядацца як месца працы. Віцебская абласная выбарчая камісія таксама не стала на бок актывіста: скаргу на тое, што раённая камісія беспадстаўна адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп, палічылі неабгрунтаванай.

Віцебскі абласны суд не толькі падтрымаў ранейшыя падставы для адмовы ў рэгістрацыі, але далучыў шэраг новых, распавёў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі левых "Справядлівы сьвет" Мікалай Селівашка, адзіны прадстаўнік дэмакратычных сіл у абласной выбарчай камісіі:

"У якасці падстаў для адмовы ў рэгістрацыі было сказана, што газету „Товарищ“ не распаўсюджвае мясцовая пошта, і што яе няма ў падпісным каталогу. Тлумачэнні пра тое, што гэта не віна рэдактара, а адмова ад супрацоўніцтва з боку "Белпошты", прыняты не былі. Не дапамагло і тое, што на суд прыехалі жыхары Талачыншчыны, наш аднапартыец з Коханава Мікалай Петрушэнка ды іншыя чытачы газеты. Яны засведчылі, што газета распаўсюджваецца на гэтай тэрыторыі і ўздымае мясцовыя праблемы. Аднак і пракурор, і суддзя вырашылі, што сведкі – зацікаўленыя асобы, і таму іх тлумачэнні нельга лічыць аб'ектыўнымі".

Прысутныя на судзе актывісты і сам Сяргей Вазняк, разумеючы, што станоўчага рашэння не будзе, пакінулі суд яшчэ да яго агалошвання.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства