Віталя Рымашэўскага выклікаюць у міліцыю
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі выкліканы ў РАУС Савецкага раёна Менска на пятніцу, 7 лютага.
Паколькі на тэрыторыі Савецкага раёна знаходзіцца Камароўскі рынак, то, верагодна, выклік звязаны з пікетам прамоўцы МХД Марыны Хоміч. Нагадаем, 2 лютага людзі ў цывільным там усяляк абражалі ўдзельнікаў пікету, здымалі іх у шчыльную на відэа, аказвалі псіхалагічны ціск. На іх быў выкліканы нарад міліцыі, які так і не з'явіўся.
"Дадзены факт, як і ціск на актывістаў падчас пікетаў і пасля іх, мы расцэньваем як палітычны пераслед, як спробу запужвання. У той час, як уладныя кандыдаты карыстаюцца адміністратыўным рэсурсам, выкарыстоўваюць незарэгістраваную сімволіку, ціск аказваецца толькі на актывістаў БХД. Рэжым дазваляе апазіцыі ўдзельнічаць толькі па яго правілах, калі ж падзеі развіваюцца не па яго сцэнары, то адразу ж уключаецца рэпрэсіўная машына", - адзначыў Віталь Рымашэўскі.