Украінскі пісьменнік з Майдана – Алесю Бяляцкаму: “Вашая і нашая барацьба недарэмная”
Алесь Бяляцкі ў засценках бабруйскай калоніі атрымаў пасланне ад вядомага ўкраінскага пісьменніка і перакладчыка Аляксандра Ірванца, які ў драматычныя для свайго народу часы практычна штодня знаходзіцца на кіеўскім Майдане.
Аляксандр Ірванец зычыць свайму беларускаму цёзку-палітвязню моцы і трываласці.
“Я тож Алесь, і ў Вашым веку – 53 гады. Я – украінскій пісьменнік Олександр Ірванець.
Вам, дорогий Алесю, бажаю сили, снаги и витривалості. Бути позбавленым волі важко. Але Ваша (і наша) боротьба недаремна.
Ми переможемо!
Мы пераможам!
Слава Украіні!
Жыве Беларусь!
Ваш – О. Ірванець”
Адметна, што словы падтрымкі ўкраінскі пісьменнік даслаў на беларускай паштоўцы з серыі «Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ў выцінанцы», якую выдаў Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Аляксандр Ірванец - вядомы ўкраінскі паэт, пісьменнік і перакладчык, адзін з заснавальнікаў культавага літаратурнага таварыства Бу-Ба-Бу. З 2000-х гадоў піша прозу і драматургію. Таксама перакладае вершы і прозу з французскай, рускай, польскай і беларускай моваў. Творы самога Ірванца перакладзены на многія еўрапейскія мовы. Яго раман “Рівне/Роўна” выйшаў у перакладзе У. Арлова па-беларуску.