Кобрын: звальненне кандыдата тлумачаць прафнепрыдатнасцю
“Нічога асабістага, загадалі звольніць,” -- гэтыя словы пачуў у свой адрас ад дырэктара прыватнага прадпрыемства “Велпак-Кобрын” Андрэя Безэ сябра аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Віктар Гарбачэўскі з Кобрына, які балатуецца кандыдатам ў дэпутаты гарадскога савета.
Па словах Віктара, гэта стала для яго поўнай нечаканасцю. Яшчэ дзень таму дырэктар сказаў: ты балатуешся ў дэпутаты, твая справа, але я перазаключу кантракт яшчэ на 3 месяцы (В.Гарбачэўскі ўладкаваўся тры месяцы таму на трохмесячны выпрабавальны тэрмін, які заканчваўся 8 сакавіка). Дырэктар не казаў пра прафнепрыдатнасць.
У выніку Гарбачэўскі вырашыў напісаць заяву па ўласнаму жаданню, бо ў такіх варунках працаваць будзе немагчыма.
Дырэктар А.Безэ спачатку не хацеў каментаваць звальненне. Затым сказаў, што яго віны няма, проста Гарбачэўскі аказаўся дрэнным спецыялістам, а прыкрывае сваю нікчэмнасць выбарамі.
Сустаршыня партыі БХД Георгій Дзмітрук адзначае, што ў Кобрыне добра ведаюць Віктара Гарбачэўскага як высокакласнага эканаміста. Пакуль Дзмітрук займаўся бізнэсам, ён працаваў у яго, затым працаваў на Кобрынскім заводзе аграпрамысловага машынабудавання начальнікам планава-эканамічнага аддзела.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”