У Салігорску плануецца тэрміновы антываенны мітынг
Заява на правядзенне 4 сакавіка ў 18:00 на Цэнтральнай плошчы сталіцы шахцёраў антываеннага мітынгу была накіравана ў Салігорскі выканаўчы камітэт.
Заяўніком мерапрыемства выступіў мясцовы грамадскі актывіст Уладзімір Шыла. Да такога кроку яго падштурхнулі агрэсіўныя дзеянні расійскай арміі ва ўкраінскім Крыме.
- Неабходна разумець, што ў хуткім часе рэха падзеяў на Крымскай паўвыспе адчуецца і ў нас. У лепшым выпадку нас чакае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Гэта адбудзецца праз абвал фондавага рынку Расіі, нашага асноўнага эканамічнага партнёра, і праз магчымыя эканамічныя санкцыі да яе з боку сусветнай супольнасці. У горшым - мы, як удзельнікі так званай Саюзнай дзяржавы, можам апынуцца ўцягнутымі ў буйны ваенны канфлікт, - кажа Уладзімір Шыла.
Актывіст просіць улады даць дазвол на правядзенне адпаведнага мітынгу ў тэрміновым парадку альбо прапануе чыноўнікам арганізаваць адпаведнае мерапрыемства самастойна.
- Беларускае заканадаўства патрабуе падаваць заяву на мірны сход за 15 дзён. На жаль, спадар Пуцін не папярэдзіў мяне аб сваіх намерах ажыццявіць інтэрвенцыю ва Украіну. Улічваючы ж сучасны ўзровень зброі праз 15 сутак на гэтай планеце могуць застацца толькі больш прыстасаваныя арганізмы, - кажа заяўнік мітынгу. - Таму я запатрабаваў, каб мерапрыемства было праведзена ў тэрміновым парадку. Між іншым, у якасці варыянта я прапанаваў уладам зладзіць такі мітынг пад патранажам Салігорскага райвыканкаму. Яны таксама зацікаўлены ў стабільнай, надзейнай, тэрытарыяльна цэласнай Украіне. Аб гэтым сёння, прынамсі, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.