viasna on patreon

Суд блакуе скаргу Валянціна Стэфановіча ў справе пра забарону сайта “Вясны”

2014 2014-04-17T15:57:09+0300 2014-04-17T15:57:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovich_27.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Абскардзіўшы вызначэнне суда Цэнтральнага раёна аб спыненні вытворчасці па скарзе на дзеянні Генпракуратуры, праваабаронца дагэтуль не дачакаўся ніякай рэакцыі суда - ні ўведамлення пра дату разгляду скаргі, ні пра яе паступленне ў суд.

Вызначэнне аб спыненні вытворчасці па справе Валянціна Стэфановіча супраць Генеральнай пракуратуры было вынесена судом Цэнтральнага раёна г. Мінска на падставе п.1 ч.1 арт. 164 ГПК Рэспублікі Беларусь 18 лютага. 20 лютага ён, у парадку і ў тэрміны, вызначаныя ГПК Рэспублікі Беларусь,  накіраваў прыватную скаргу ў суд Цэнтральнага раёна.

Паводле тэрмінаў, прадугледжаных нарматыўнымі дакументамі, скарга мусіла паступіць у Мінскі гарадскі суд яшчэ да 15 сакавіка. Аднак, як днямі высветліў праваабаронца ў тэлефанаванні ў канцылярыю па грамадзянскіх справах суда Цэнтральнага раёна, яго скарга і матэрыялы справы ўсё яшчэ знаходзяцца там.

З гэтай нагоды Валянцін Стэфановіч паскардзіўся ў Мінскі гарадскі суд, паведаміўшы яго старшыні, што “дадзеныя абставіны сведчаць аб грубым парушэнні супрацоўнікамі канцылярыі суда правілаў прыёму і ўліку касацыйных і прыватных скаргаў, скаргаў (пратэстаў) на судовыя пастановы, устаноўленых Інструкцыяй па справаводстве ў раённых (гарадскіх), міжгарнізонных  вайсковых судах Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь 23.04.2013 г. № 65”.

Пры гэтым Стэфановіч адзначае, што ён не ўпершыню скардзіцца на арганізацыю працы канцылярыі па грамадзянскіх справах суда Цэнтральнага раёна г. Мінска. “У лісце Мінскага гарадскога суда ад 06.02.2014 № 8-1/с-94 я быў праінфармаваны, што ў ходзе праведзенай праверкі выкладзеныя мной довады аб несвоечасовай адпраўцы судом Цэнтральнага раёна г. Мінска ў мой адрас копіі вызначэння суда аб пакіданні без руху знайшлі сваё пацверджанне. Дадзены факт быў абмеркаваны на аператыўнай нарадзе з работнікамі апарата суда, падчас якой іх увага была звернутая на недапушчэнне такога ў далейшай працы суда.

Аднак апісаная вышэй сітуацыя сведчыць, што супрацоўнікамі апарата суда Цэнтральнага раёна г. Мінска не былі зробленыя адпаведныя высновы і яны працягваюць дапускаць парушэнні ў сваёй працы, што прыводзіць да нічым не апраўданага зацягвання разгляду справаў у судах”, - піша праваабаронца ў скарзе.

Валянцін Стэфановіч просіць правесці праверку ўказаных ім фактаў і прыцягнуць вінаватых да ўстаноўленай законам адказнасці.

Нагадаем, 18 лютага суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Алена Сямак, разгледзеўшы скаргу намесніка старшыні ПЦ «Вясна» на рашэнне Генпракуратуры ўнесці сайт spring96.org у спіс абмежаванага доступу для інтэрнэт-карыстальнікаў, прызнала Валянціна Стэфановіча “неналежным заяўніком” і спыніла вытворчасць па грамадзянскай справе. Праваабаронца скарыстаўся сваім правам падаць прыватную скаргу на гэтае вызначэнне суда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства