viasna on patreon

Хоцімская пракуратура лічыць, што кандыдата у дэпутаты міліцыя затрымлівала законна

2014 2014-04-28T13:42:11+0300 2014-04-28T13:42:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/karankevich-valeryyy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валер Каранкевіч

Валер Каранкевіч

На мінулым тыдні грамадскі актывіст Валерый Каранкевіч атрымаў адказ з пракуратуры Хоцімскага раёна на сваю скаргу на дзеянні службовых асоб Хоцімскага РАУС, якія не дазвалілі яму прысутнічаць пры падліку галасоў на Інтэрнацыянальным выбарчым участку №3 у Хоцімску.

Валерый Каранкевіч прасіў пракуратуру правесці праверку абставін свайго затрымання без складання пратакола супрацоўнікамі хоцімскай міліцыі непасрэдна на выбарчым участку, правесці расследванне ўказаных парушэнняў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

У саім адказе на скаргу Валерыя Каранкевіча пракурор Хоцімскага раёна І. Савасцееў напісаў былому кандыдату ў дэпутату, што “дзеянні супрацоўнікаў Хоцімскага РАУС з’яўляюцца правамернымі і не супярэчаць дзеючаму заканадаўству”.

Таксама пракурор лічыць, што “сыходзячы з выкладзенага, падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання па Вашаму звароту не маецца, у сувязі з чым Ваша скарга задавальненню не падлягае”.

“Гэты адказ з пракуратуры Хоцімскага раёна – проста верх цынізму, - выказвае сваё меркаванне былы кандыдат у дэпутаты Валерый Каранкевіч. – Якая была неабходнасць супрацоўнікам міліцыі затрымліваць мяне непасрэдна на выбарчым участку напярэдадні падліку галасоў нават калі і была нейкая, невядома адкуль з’явіўшаяся заява? Я што, злосны злачынца і збіраўся куды-небудзь уцякаць? З адказу ж пракурора Хоцімскага раёна вынікае, што альтэрнатыўнага кандыдата ў дэпутаты можна па сумнеўных падставах затрымліваць у любым месцы і ў любы час. Навошта тады казаць пра нейкія роўныя правы на выбарах і наогул гэтыя выбары праводзіць, калі кандыдата ў дэпутаты можна законна пазбаўляць магчымасці прысутнічаць пры падліку галасоў.

Я абавязкова буду абскарджваць гэта адказ з пракуратуры Хоцімскага раёна”, - кажа Валерый Каранкевіч.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што супрацоўнікам Хоцімскай міліцыі не было ніякай неабходнасці затрымліваць Валерыя Каранкевіча.

“Падазрэнне ў паклёпе не патрабуе неадкладнага затрымання, тым больш у 20-00 непасрэдна на выбарчым участку, - кажа Барыс Бухель. – Гэта не хуліганства, крадзёж альбо іншыя супрацьпраўныя дзеянні, якія патрабуюць неадкладнага спынення. Супрацоўнікам міліцыі дастаткова було ўручыць Валерыю Каранкевічу позву, калі ў іх знянацку ўзнікла такая неабходнасць.

Таксама незразумела, чаму зараз хоцімская міліцыя не вядзе ніякіх актыўных дзеянныў па гэтай заяве Тамашава, наогул не зразумела, працягваецца адміністрацыйны працэс альбо ён ужо спынены, бо ў ім няма неабходнасці”.

Нагадаем, што 23 сакавіка каля 20-00 кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 Валерый Каранкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС на Інтэрнацыянальным выбарчым участку №3 у Хоцімску. Кандыдат у дэпутаты быў дастаўлены ў Хоцімскі РАУС, дзе яго ўтрымлівалі каля 40 хвілін без складання пратакола затрымання, а пасля адпусцілі. Падставай для тэрміновага затрымання супрацоўнікі назвалі заяву на адрас Каранкевіча з боку сябра акруговай выбарчай камісіі Хоцімскай выбарчай акругі №54 Мікалая Тамашова. З-за незаконнага затрымання Валерый Каранкевіч не змог прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэней.

Валерый Каранкевіч з’яўляецца сябрам Партыі БНФ, ён таксама супрацоўнічае з кампаніяй “Гавары праўду”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства