Сяргею Казакову параілі не высоўвацца
Былы палітвязень распавёў карэспандэнту Свабоды, што яго выпусьцілі зь Ленінскага РУУС. Ён паведаміў падрабязнасьці свайго затрыманьня.
«Прыйшлі дахаты, дасталі з ложка, дазволілі апрануцца — ужо нядрэнна. Давезьлі да бліжэйшага апорнага пункту. Спачатку казалі, што праверка і трэба схадзіць адзначыцца. А потым сказалі, што чакаюць званка адносна мяне. Пазьней сказалі, што павязуць у пастарунак. Я маральна падрыхтаваўся. Але ў іх атрымалася нейкая замінка, ім нехта патэлефанаваў. У выніку яны пакінулі мяне ў спакоі, сказалі, што няма калі мной займацца. І я пайшоў», — распавёў карэспандэнту Свабоды Сяргей Казакоў.
Супрацоўнікі міліцыі адразу сказалі Сяргею, што рыхтуюцца да чэмпіянату па хакеі.
«Сказалі, што я ў іх такі не адзін, ёсьць яшчэ нехта. Казалі, каб я не высоўваўся. Бо за мной будуць пастаянна глядзець, у любы момант пазвоняць, каб прыйшоў, і так далей. Таму давядзецца легчы на дно на гэты месяц», — сказаў Сяргей.