Палякова асудзілі з другой спробы
Затрыманага 6 траўня ў Менску прадстаўніка арганізацыйнага камітэта па стварэнні нацыянал-бальшавіцкай партыі Аляксандра Палякова асудзілі з другой спробы.
Учора суддзя Заводскага суда Алена Някрасава адправіла пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 17.1 (дробнае хуліганства) на дапрацоўку ў РУУС. Раніцай 7 траўня Палякова ізноў прывезлі ў суд і пакаралі арыштам на 10 сутак нібыта за брыдкаслоўе.
Учора доўгі час ля дзвярэй кватэр Дзмітрыя Паліенкі, Дзяніса Сахара і Яўгена Контуша дзяжурылі міліцыянты і невядомыя людзі ў цывільным. Перыядычна яны тэлефанавалі у дамафоны і званкі, патрабуюць ў актывістаў прайсці з імі ў аддзяленне міліцыі. Затрыманы быў толькі Аляксандр Палякоў.
Актывісты лічаць, што дзеянні праваахоўнікаў звязаныя з нядаўняй акцыяй нацболаў супраць палітычна матываваных пераследаў, падчас якой ля галоўнага ўваходу ў парк Чалюскінцаў была вывешаная расцяжка "Усіх не пасадзіш!".