viasna on patreon

У гомельскай міліцыі праваабаронцы выявілі "прафесійнага" сведку (фота)

2014 2014-06-06T08:45:52+0300 2014-06-06T08:45:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/amapaucy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У канцы мінулага месяца, роўна як і чатыры гады таму вартавы парадку з ліку гомельскага АМАПу Васіль Барысенкастанавіўся сведкам адной і той жа сцэны - яшчэ да ўзыходу сонца актывісты выходзілі на вуліцы горада, дзе "лаяліся грубай нецэнзурнай лаянкай, парушалі грамадскі парадак і спакой грамадзян, праяўлялі відавочную непавагу да грамадства".

Напрыклад, 22 мая бягучага году ў 4-10 раніцы жыхар Гомеля Юры Рубцоў вярнуўся цягніком з Мінска, з вакзала пешшу накіраваўся дадому. Яго дагналі амапаўцы, абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы, даставілі ў міліцыю, падалі рапарта. Чалавек у пагонах з прозвішчам Барысенка, які затрымліваў актывіста, ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля засведчыў: "Каля 4-10 раніцы ён нёс службу па ахове грамадскага парадку сумесна з Аляксандрам Пенязьковым. У раёне вул. Кісялёва затрымалі Рубцова, які гучна лаяўся нецэнзурнай лаянкай, на іх заўвагі не рэагаваў".

У выніку толькі што вызваліўшыся пасля 25-ці сутачнага арышту, да таго ж усе 25 сутак трымаўшы галадоўку Юры Рубцоў зноў апынуўся на нарах.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які аказвае дапамогу ў абскарджанні судовых пастаноў, успомніў прозвішча праваахоўніка, з-за ілжывых паказанняў якога раней актывістаў таксама адпраўлялі на нары.

У дзень прэзідэнтскіх выбараў, 19 снежня 2010 года давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча гомельскі актывіст Юры Захаранка раніцай накіроўваўся на вакзал, каб разам з паплечнікамі быць на Плошчы. Яго таксама дагналі амапаўцы, абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы, даставілі ў міліцыю. Баец АМАПу з усё тым жа прозвішчам Барысенка ў судзе Савецкага раёна Гомеля тады засведчыў: "Прыкладна ў 5 гадзін 45 хвілін, знаходзячыся каля прыпынку грамадскага транспарту "Завод пускавых рухавікоў" па вул. Барыкіна ў Гомелі Захаранка гучна лаяўся нецэнзурнай лаянкай, на іх заўвагі не рэагаваў".

Тады на волю актывіст выйшаў праз 12 сутак, дзе таксама супраць самавольства і ілжэсьведчаньнеў супрацоўнікаў міліцыі трымаў галадоўку.

"Гомельская вясна"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства