viasna on patreon

Сябры БАЖ узгадалі Дзмітрыя Завадскага

2014 2014-07-07T18:31:46+0300 2014-07-07T18:37:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/baj-zavadski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сябры БАЖ узгадалі Дзмітрыя Завадскага. Фота: baj.by

Сябры БАЖ узгадалі Дзмітрыя Завадскага. Фота: baj.by

7 ліпеня ў сталічным офісе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адбылася сустрэча журналістаў з роднымі зніклага ў 2000 годзе аператара тэлеканала “ОРТ” Дзмітрыя Завадскага.

– Справы Дзмітрыя Завадскага, Веранікі Чаркасавай, Алега Бябеніна ніколі не будуць забытыя журналісцкай супольнасцю, – зазначыла на пачатку сустрэчы старшыня ГА “БАЖ” Жанна Літвіна. –З года ў год ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” уздымае непрыемныя для ўладаў пытанні наконт лёсаў нашых загінулых калег. Гібель журналістаў у гарачых кропках часам можна зразумець – там ідзе вайна, там ідзе страляніна... Але калі журналісты гінуць у мірнай краіне – гэта дзіўна і жахліва. Справа аб выкраданні нашага калегі Дзмітрыя Завадскага выглядае вельмі падазронай, бо разглядалася яна за зачыненымі дзвярамі. Грамадства цікавяць акалічнасці справы, цікавяць імёны сапраўдных злачынцаў. Дзмітрый Завадскі не баяўся брацца за цяжкія тэмы, ехаць у небяспечныя месцы. Але расправіліся з ім у “мірнай” краіне і ў мірны час, па дарозе ў аэрапорт. І ўлады гэтай краіны так і не далі ўцямнага адказу на пытанне, што адбылося.

– Апошнія чатырнаццаць год былі самымі цяжкімі гадамі майго жыцця, – працягвае Святлана Завадская. – Страшна падумаць, што мінула ўжо столькі часу, а мы дагэтуль не ведаем, што адбылося. Улады, на жаль, не зрабілі нічога, каб пакараць сапраўдных вінаватых. Каб праяснілася сітуацыя, на маю думку, у першую чаргу павінны быць дапытаныя Віктар Шэйман, Уладзімір Навумаў і Юрый Сівакоў. Наколькі мне вядома, ключавых людзей у гэтай справе ўлады так і не апыталі. У нас назбіраліся цэлыя тэчкі перапіскі са следчымі органамі, пра справу Завадскага ўвесь час нагадвалі міжнародныя структуры, але следчыя органы не зрабілі ніводнага кроку насустрач.

Удзел у сустрэчы з роднымі Дзмітрыя Завадскага ўзялі Таццяна Мельнічук, Генадзь Кеснер, Аліна Суравец і іншыя журналісты.

 

Даведка БАЖ:

7 ліпеня 2000 г. тэлеаператар, сябра ГА «БАЖ» Дзмітрый Завадскі знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт «Мінск-2».

Ён нарадзіўся 28 жніўня 1972 года.

З 1994 па 1997 гг. працаваў аператарам у пуле Аляксандра Лукашэнкі. Са студзеня 1997 г. перайшоў на Грамадскае расійскае тэлебачанне (“ОРТ”).

Вясной 1997 г. быў арыштаваны разам з журналістам ОРТ Паўлам Шараметам і абвінавачаны ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымкаў рэпартажу пра яе празрыстаць і ўмоўна асуджаны на паўтара гады пазбаўлення волі.

З кастрычніка 1999 па май 2000 працаваў у Чачні, дзе разам з Паўлам Шараметам здымаў фільм «Чачэнскі дзённік».

7 ліпеня 2000 г. знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт «Мінск-2».

Па факце знікнення Дзмітрыя была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «забойства», аднак потым абвінавачанне было перакваліфікавана на «выкраданне і незаконнае пазбаўленне чалавека волі».

14 сакавіка 2002 г. Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (асуджаныя на пажыццёвае знявлоленне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўленя волі), а таксама грамадзяніна Сяргея Савушкіна (ужо выйшаў на волю).

Паводле абвінавачання, матывам злачынства сталася помста: маўляў, Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў вайне на баку чачэнскіх байцоў. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў.

27 лістапада 2003 г. суд Фрунзенскага раёна г. Мінска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Між тым, цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзена.

Спецыяльны дакладчык паліткамітэта Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдэс, які ў 2004 годзе па выніках візіту ў Беларусь падрыхтаваў справаздачу «Зніклыя асобы ў Беларусі», патрабаваў адмысловага крымінальнага расследавання з мэтай высветліць магчымую спрычыненасць высокіх дзяржаўных чыноўнікаў да знікнення Завадскага.

З таго часу расследаванне па справе аб знікненні Завадскага некалькі разоў аднаўлялася — «у сувязі з наноў адкрытымі абставінамі» — і прыпынялася зноў — са спасылкай на «необнаружение безвестно исчезнувшего лица», аднак выніку не прынесла.

Паводле baj.by

Журналіст Таццяна Мельнічук гутарыць з Вольгай Завадскай
Святлана Завадская

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства