viasna on patreon

Генеральная пракуратура ў чарговы раз адмовіла былому кандыдату ў дэпутаты ў задавальненні скаргі

2014 2014-10-15T18:14:47+0300 2014-10-15T18:14:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/karan-genpr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч 15 кастрычніка атрымаў адказ з Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь на сваю чарговую скаргу на дзеянні службовых асоб Хоцімскага РАУС.

Начальнік упраўлення па нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў В. Клімаў паведаміў Валерыю Каранкевічу, што з улікам заканчэння вызначаных тэрмінаў абскарджвання зараз прававых падстаў для разгляду яго заявы ў частцы парушэння яго выбарчых правоў не маецца.

Таксама начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры паўтарыў аргументы папярэдніх інстанцый, што па выніках праверкі, праведзенай органамі пракуратуры Магілёўскай вобласці, супрацоўнікамі органаў унутраных спраў у ходзе затрымання Валерыя Каранкевіча не дапушчана парушэнняў патрабаванняў Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Таксама спадар Клімаў лічыць, што ў дадзены час падстаў для адмены рашэння, прынятага пракуратурай Магілёўскай вобласці, не маецца, і паведамляе Валерыю Каранкевічу, што прынятае рашэнне ён мае права абскардзіць кіраўніцтву Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

“Па сутнасці, у сваім адказе спадар Клімаў амаль дакладна паўтарыў тое, што раней напісала ў адказе на маю папярэднюю скаргу начальнік аддзела па нагляду за выкананнем правоў і свабод грамадзян Генеральнай пракуратуры М. Папова, - кажа Валерый Каранкевіч. – У меня нават склалася ўражанне, што начальнік упраўлення нават не чытаў маю скаргу, бо там я даю падрабязнае тлумачэнне ўсіх сваіх дзеянняў і дзеянняў супрацоўнікаў хоцімскай міліцыі падчас майго затрымання непасрэдна на выбарчым участку перад падлікам галасоў, аднак нічога з маіх довадаў не прынята да ўвагі. Пакуль не магу сказаць дакладна, што я буду рабіць далей, трэба ехаць у Магілёў і кансультавацца з праваабаронцамі. Думаю, што ўсё ж трэба змагацца да канца і прайсці ўсе магчымыя інстанцыі”.

Нагадаем, што 23 сакавіка каля 20-00 кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 Валерый Каранкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС на Інтэрнацыянальным выбарчым участку №3 у Хоцімску. Двумя супрацоўнікамі мясцовай міліцыі ў чыне маёра кандыдат у дэпутаты быў дастаўлены ў Хоцімскі РАУС, дзе яго ўтрымлівалі каля 40 хвілін без складання пратакола затрымання, а затым адпусцілі. Падставай для тэрміновага затрымання супрацоўнікі назвалі заяву на адрас Каранкевіча з боку сябра акруговай выбарчай камісіі Хоцімскай выбарчай акругі №54 Мікалая Тамашова. З-за незаконнага затрымання Валерый Каранкевіч не змог прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэняў.

Былы кандыдат у дэпутаты неаднаразова спрабаваў абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў Хоцімскага РАУС у пракуратуры Хоцімскага раёна і Магілёўскай вобласці, аднак тыя прыходзілі да высновы, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі “з’яўляліся правамернымі і не супярэчылі дзеючаму заканадаўству”.

Сам Валерый Каранкевіч лічыць, што супрацоўнікі хоцімскай міліцыі затрымлівалі яго неабгрутавана і незаконна з мэтай перашкодзіць яму прысутнічаць пры падліку галасоў выбаршчыкаў, а таксама з мэтай запалохвання грамадскіх актывістаў Хоцімскага раёна.

Валерый Каранкевіч з’яўляецца сябрам Партыі БНФ, ён таксама супрацоўнічае з кампаніяй “Гавары праўду”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства